У Берасці з’явіліся налепкі: “Где русская армия, там война!”



На афішах Берасця з’явіліся налепкі з тэкстам “Где русская армия, там война! Русский солдат, иди домой!”. 

Плакаты размешчаны ў людных месцах у цэнтры гораду і на аўтобусных прыпынках, кажа адзін з праціўнікаў чужых вайскоўцаў на беларускай зямлі:

– Цягам апошніх дзесяці гадоў паўсюль, дзе з’яўляецца расейскае войска, пачынаецца вайна. Трэба згадаць Грузію, Украіну, зараз гэта Сірыя. Натуральна, беларусы не хочуць, каб на іх зямлі пачыналіся нейкія вайсковыя дзеянні, спроба нейкага аншлюза. Яны не хочуць бачыць рускія танкі, рускіх вайскоўцаў на вуліцах сваіх гарадаў.

Вайсковец у адстаўцы, ветэран баявых дзеянняў у Афганістане Аляксандр Сахарук так каментуе акцыі супраць прысутнасці іншаземных войскаў у Беларусі:

– Я думаю, што нам гэтае “братэрства” не патрэбнае, асабліва з Расейскай Федэрацыяй. Гэта краіна-агрэсар. З ёй трэба быць вельмі асцярожнымі. Я служыў у савецкай арміі і таксама быў акупантам. І цяпер ведаю, чаму сваю зямлю трэба бараніць, калі прыйдзецца, са зброяй у руках. Я ведаю, што акупантаў трэба гнаць. Гэта мая пазіцыя.

Расейска-беларускія вайсковыя вучэнні “Захад-2017” на тэрыторыі Беларусі пачнуцца ў верасні. Некаторыя палітыкі і частка грамадства бачаць у гэтых вучэннях пагрозу для незалежнасці краіны. 

Акцыя пратэсту супраць прысутнасці расейскіх войскаў адбудзецца 8-га верасня а 19-й на Кастрычніцкай плошчы ў Менску.

[Not a valid template]

Беларускае Радыё Рацыя, Берасце