У Берасці з’явіцца мурал з сокалам-пустальгой
Пра гэта паведамляе Берасцейскае абласное аддзяленне грамадскай арганізацыі “Аховы птушак Бацькаўшчыны” (АПБ). Паводле прадстаўнікоў арганізацыі, гэта добры спосаб прыцягнуць увагу гараджан да прыгажосці прыроды Беларусі, акрамя таго ў Берасці жыве найбуйнешая гарадская папуляцыя гэтай птушкі ў краіне.
Кажа сябра АПБ Юрка Бакур:
– Яго часта можна ўбачыць на сельгаспалетках, яны палююць у асноўным на мышавідных грызуноў і гняздуюцца побач з гэтымі сельгаспалеткамі. Звычайна гэта ўскрайкі ці невялікія лясы, а таксама высокія будынкі ў гарадах. Высокія будынкі ім нагадваюць скалы, дзе яны звычайна гняздуюцца, таму яны выбіраюць такія будынкі. І дзеля таго, каб людзі да іх добра ставіліся, “Ахова птушак Бацькаўшчыны” з даўніх часоў праводзіць кампанію знаёмства з гэтым відам.
На рэалізацыю праекта ўжо атрыманы дазволы мясцовых уладаў, знойдзены выканаўца і вырашаныя арганізацыйныя моманты. Ім засталося толькі сабраць сродкі на матэрыялы, работу мастака, транспартныя выдаткі і страхоўку. Дапамагчы з фінансамі можна праз платформу MOLAMOLA на праект пад назвай “Сокол-пустельга – новое граффити в Бресте”.
Беларускае Радыё Рацыя