У Беразіне пасля хатніх родаў памерлі двое нованароджаных і іх маці
Ва ўпраўленні Следчага камітэта па Менскай вобласці праводзіцца Даследчая праверка па факце смерці двух нованароджаных дзяцей і іх маці ў Беразіне.
Як паведаміла БелаПАН афіцыйны прадстаўнік УСК Таццяна Беланогая, увечары 28 верасня ў рэанімацыйнае аддзяленне раённай бальніцы з крывацёкам была шпіталізавана 29-гадовая жыхарка Беразіна. Жанчыну ў цяжкім стане знайшла сваячка і паведаміла ў хуткую медыцынскую дапамогу. Па адрасе выкліку неадкладна выбыла медыцынская брыгада і ў прымусовым парадку даставіла яе ў бальніцу, у сувязі з тым што жанчына адмаўлялася ад шпіталізацыі.
У ходзе абследавання пацыенткі ў рэанімацыйным аддзяленні медыцынскімі работнікамі былі выяўленыя ў яе сляды нядаўняй родавай дзейнасці. Праз некалькі гадзін жанчына памерла ва ўстанове аховы здароўя.
Дома ў парадзіхі следча-аператыўная група знайшла ў ванным пакоі дзвюх нованароджаных дзяўчынак без прыкмет жыцця.
Устаноўлена, што жанчына ўтойвала сваё становішча і не была на ўліку па цяжарнасці і родах. Не звяртаючыся па медыцынскую дапамогу, нарадзіла дома. Жыла сумесна з мужам і шасцігадовым сынам.
Следствам праводзіцца комплекс мерапрыемстваў, у рамках якіх апытваюцца сваякі, суседзі, збіраецца матэрыял, які характарызуе сям’ю.
Следствам вынесены пастановы аб правядзенні шэрагу судова-медыцынскіх даследаванняў па высвятленні прычыны смерці жанчыны, яе нованароджаных дзяцей, а таксама ці з’яўляліся яны даношанымі і жыванароджанымі.