У Берліне затрыманы бізнесмен Юрый Авяр’янаў
У Германіі затрыманы бізнесмен Юрый Авяр’янаў, абвешчаны ў міжнародны вышук, паведаміў БелаПАН афіцыйны прадстаўнік Генпракуратуры Беларусі Дзмітрый Брылёў.
„Пакет дакументаў на выдачу быў падрыхтаваны Генпракуратурай 12 кастрычніка і накіраваны нямецкаму боку, таму што была інфармацыя, што асоба знаходзіцца на тэрыторыі гэтай дзяржавы. Гэтая інфармацыя пацвердзілася. 18 студзеня ён быў затрыманы, а 21 студзеня ўзяты пад варту на падставе рашэння аднаго з раённых судоў Берліна з мэтай выдачы. Экстрадыцыйным матэрыялам будзе дадзена прававая ацэнка. Гэта пачатак працэдуры экстрадыцыі. Гэта ўсё няхутка”, — паведаміў Брылёў.
Юрый Авяр’янаў — адзін з першых беларускіх бізнесменаў і доларавых мільянераў. Яго асноўнымі актывамі з`яўляюцца будаўнічы рынак ва Уруччы, аўтамабільны рынак у Малінаўцы, парк забаў „Дрымлэнд”, а таксама Madison Royal Club у Менску.
З-за рэалізацыі інвестыцыйных праектаў у бізнесмена паўсталі даўгі перад банкамі. У выніку ён пакінуў краіну. У верасні 2017 года стала вядома, што ў дачыненні да яго і топ-менеджменту яго кампаній распачатая крымінальная справа ў сувязі з ухіленнем ад выплаты падаткаў. Пад варту было заключана шэсць чалавек, Авяр`янаў — абвешчаны ў міжнародны вышук.
У перапісцы з інтэрнэт-газетай БелаПАН Naviny.by ў канцы верасня бізнесмен заявіў, што лічыць абвінавачанні ва ўхіленні ад выплаты падаткаў неабгрунтаванымі, а саму праблему прыцягнутай за вушы.
„Мне ўдалося атрымаць дакументы, па якіх мяне і кіраўнікоў трох кампаній спрабуюць абвінаваціць. Сутнасць… За апошнія 2,5 года кампанія „Гандлёвы свет — „Кальцо” нібыта ўхілілася ад выплаты падаткаў аж на цэлых 35.000 рублёў. Гэта ў сапраўднасці два дні працы рынку. ТАА „Парк забаў „Дрымлэнд” — за два гады нібыта ўхіленне на 85.000 рублёў. Гэта кошт невялікага атракцыёну ў парку. ЗАТ „Інтэкс” — за два з паловай гады нібыта ўхіленне 155.000 рублёў. Некалькі месяцаў працы клуба. Вось і атрымліваецца, што праблема прыцягнутая за вушы”, — напісаў бізнесмен Naviny.by па электроннай пошце.
Паводле слоў Авяр`янава, гэтыя невялікія сумы можна было б выставіць без затрыманняў, а проста паведаміць і паглядзець выкананне. „Так рэкамендуе прэзідэнт. А гэта спецыяльная аперацыя па захопу і дыскрэдытацыі кампаній”, — лічыць ён.