У Бешанковічах – масавае атручэнне вадаправоднай вадой
Увечары 30-га сакавіка пачалі з’яўляцца трывожныя паведамленні ад жыхароў райцэнтра Бешанковічы Віцебскай вобласці.
У мясцовых пабліках людзі пісалі пра тое, што дзеці трапляюць у лякарню з прыкметамі атручэння, і што цэлыя сем’і “зляглі” з высокай тэмпературай. Усё гэта – жыхары мікрараёну “Моладзевы”, дзе ёсць асобная сістэма ачысткі вады, распавёў тамтэйшы жыхар Уладзімір Рамановіч:
– Людзі проста зубы пачысцілі, і шмат дзетак трапілі на “Хуткай” у лякарню, па розных падліках ад 10 да 15 чалавек, плюс дарослых колькі… Водаправодная сістэма ў таго мікрараёна, як кажуць, свежанькая – гэта не састарэлыя нейкія трубы. Яе ў 2000-я пракладалі, і быццам бы ўсё нармальна.
У мікрараёне “Моладзевы” ёсць жылыя дамы, а таксама дзіцячы садок і школа. Паводле старшыні Бешанковіцкага райвыканкаму Галіны Унуковіч, для жыхароў арганізаваны падвоз пітной вады, а таксама чыноўніца раіць набываць пітную ваду ў краме. Тым часам на якасць вады пачалі скардзіцца жыхары і цэнтральнага раёну забудовы Бешанковічаў – у вады з’явіўся “тэхнічны” пах, і спажываць яе людзі баяцца.
Дакладнай інфармацыі пра тое, што здарылася з вадой у “Моладзевым”, пакуль няма. Экспертызу праводзіць санстанцыя.
Беларускае Радыё Рацыя, Віцебск