У Бешанковічах супраць каронавірусу “змагаюцца голымі рукамі”
Пра кепскае забеспячэнне самымі неабходнымі ахоўнымі сродкамі сам за сябе гаворыць той факт, што ў мясцовую лякарню трапілі ўсе работнікі Бешанковіцкай санэпідэмстанцыі. 5 красавіка ў рэанімацыі памерла 57-гадовая супрацоўніца-дэзінфектарка. У райцэнтры лічаць, што яна заразілася падчас апрацоўкі базы адпачынку “Крупеніна”, дзе знаходзініся на каранціне работнікі віцебскіх абутковых прадпрыемстваў, што захварэлі на каронавірус масля камандзіроўкі ў Італію.
Цяпер работнікі санэпідэмстанцыі ізаляваныя ў былым дзіцячым аддзяленні, але сама ўстанова месціцца проста на тэрыторыі раённай лякарні, і гэта стварыла дадатковую небяспеку, кажа рэдактар мясцовага незалежнага сайта http://beshankovichy.by/ , настаўнік, паэт Георгі Станкевіч:
– Паколькі гэтыя работнікі санэпідэмстанцыі карысталіся агульнымі прыбіральнямі з лякарняй, яны хадзілі, мелі кантакты з усімі, то сітуацыя непрадказальная. Калі пераводзілі работнікаў у дзіцячае аддзяленне, тых санітарак не “узброілі” ані чым, яны голымі рукамі прымалі тых людзей. Гэта жах!
У лякарню трапілі 12 з 26-ці работнікаў Бешанковіцкага райвыканкама – яны з’ездзілі на нараду ў абласны цэнтр, на якой прысутнічалі і хворыя на каронавірус іхныя калегі. Медыкі ўстурбаваныя недахопам ахоўных сродкаў, яны вымушаны прыносіць дахаты працоўнае адзенне, каб памыць яго перад працоўнай зменай. Тым часам ні афіцыйны сайт райвыканкама, ні дзяржаўная раённая газета не падаюць інфармацыі пра становішча з распаўсюдам хваробы ў рэгіёне і пра надзённыя патрэбы мясцовых медыкаў.
Беларускае Радыё Рацыя