Георгія Станкевіча аштрафавалі «за пікет у інтэрнэце» (абноўлена)



Бешанковіцкі паэт і журналіст Георгі Станкевіч, затрыманы сёння раніцай, вярнуўся дахаты толькі каля 18-й вечара.

За гэты час у міліцыі на яго склалі пратакол пра правапарушэнне на падставе артыкула  24.23 КаАП і асудзілі, прызнаўшы вінаватым у несанкцыянаваным пікетаванні. Праўда, тэлефон, забраны ў спадара Станкевіча падчас ператрусу ў ягонай хаце ў вёсцы Старыя Ранчыцы, гаспадару так і не вярнулі.

Пікетам супрацоўнік Бешанковіцкага РАУС Дзяніс Каваленка палічыў фотаздымак,  размешчаны на сайце “Віцебская Вясна”, дзе Георгі Станкевіч сфатаграфаваны на фоне сцяга партыі Народная Грамада.  Суддзя Наталля Рэўт расцаніла  гэты фтаздымак пяцігадовай даўніны як сапраўднае несанкцыянаванае пікетаванне  і аштрафавала Георгія Станкевіча на 70 базавых велічынь (2 240 бел.рублёў).

На думку Георгія Станкевіча, насамрэч справа нават не ў сцягу, а ў тым, што гэты фотаздымак быў размешчаны на сайце “Віцебскай вясны” побач з ягоным зваротам  да жыхароў Бешанковіцкага раёна. Спадар Георгі звярнуўся да землякоў, заклікаючы іх любым коштам паспрыяць сканчэнню вайны ва Украіне. Каб людзі ведалі  праўду пра  напад Расеі на Украіну, якую хаваюць афіцыйныя СМІ, ён публікуе  навіны  пра гэта  на сайце http://beshankovichy.by .

Беларускае Радыё Рацыя

***

У Бешанковіцкім раёне затрыманы журналіст і бард Георгі Станкевіч

Міліцыя палявала на яго з учорашняга дня:  непадалёк ад ягонага дома ў вёсцы Старыя Ранчыцы ўсю ноч дзяжурыла міліцэйская машына. А 7-й  раніцы супрацоўнікі міліцыі прыйшлі з ператрусам, забралі камп’ютар і мабільны тэлефон, шукалі так званую “апазіцыйную” сімволіку.

Паводле міліцыянтаў, прэтэнзіі да Георгія Станкевіча палягаюць у тым, што ён нібыта распаўсюдзіў праз інтэрнэт экстрэмісцкія матэрыялы.

Георгі Станкевіч рэдагуе  незалежны рэгіянальны сайт http://beshankovichy.by, дзе штодня размяшчаў на ім  навіны пра падзеі ва Украіне. 1 сакавіка ён размясціў на сайце  адмысловы зварот да жыхароў Бешанковіцкага раёна і раённых уладаў, дзе заклікаў усімі магчымымі спосабамі садзейнічаць спыненню вайны.

Беларускае Радыё Рацыя