У Берасці затрыманая актывістка Наталля Папкова (абноўлена)



2 лістапада была затрымана берасцейская актывістка Наталля Папкова.

Як паведаміў прадстаўнік грамадзянскай кампаніі „Еўрапейская Беларусь” Андрэй Шарэнда, супрацоўнікі міліцыі затрымалі Папкову прыблізна ў 8.00 у абласным цэнтры.

Пра гэта яна напісала мне праз інтэрнэт-месенджар. Пасля гэтага я патэлефанаваў у ізалятар часовага ўтрымання Ленінскага РАУС. Там мне паведамілі, што Папкова знаходзіцца ў іх і будзе адбываць сем сутак адміністрацыйнага арышту, — сказаў Шарэнда. — Як я зразумеў, за ўдзел у несанкцыянаванай акцыі супраць беларуска-расейскіх ваенных вучэнняў „Захад-2017”, якая адбылася ў Менску 8 верасня. Гэты прысуд быў вынесены Папковай 2 кастрычніка судом Цэнтральнага раёна Менска„.

Як стала вядома Наталля Папкова знаходзіцца ў ізалятары часовага ўтрымання пры Ленінскім РАУС Берасця. Пра гэта паведаміла яе паплечніца і сябра Аб’яднанай грамадзянскай партыі Людміла Захаранка:

– Сёння я там была, насіла перадачу ёй. Высветлілася, што ўчора ўвечары да яе прыходзілі, запрашалі яе на суткі. Яна сказала, што яна хварэе. Яны пайшлі, а сёння з ранку яна пайшла ў паліклініку і а палове на восьмую яе забралі.

Паводле Людмілы Захаранкі, суд над берасцейцамі Папковай і Шарэндам адбыўся нашмат раней, пасля адной з вулічных акцыяў у Менску, якія ладзіў Мікола Статкевіч. Калі Андрэй Шарэнда ўжо адбыў сваё 15-суткавае пакаранне, то Наталлю Папкову ўдалося арыштаваць на 7 сутак толькі зараз.

Мінулай вясной Папкова ўдзельнічала ў некалькіх акцыях супраць дэкрэта „аб дармаедах”, і яе неаднаразова затрымлівала міліцыя. Пасля суды выносілі ў дачыненні да актывісткі пастановы аб адміністрацыйных арыштах. Акрамя таго, у сакавіку яе змясцілі на некалькі дзён у псіханеўралагічны дыспансер, каб, на думку Папковай, перашкодзіць ўдзелу ў наступных аналагічных акцыях. 4 красавіка Папкова была аштрафаваная на 460 рублёў за абразу супрацоўніка ІЧУ, а 19 красавіка суд Ленінскага раёна Брэста асудзіў актывістку на 15 сутак адміністрацыйнага арышту, прызнаўшы яе вінаватай у непадпарадкаванні патрабаванню службовай асобы (арт. 23.4 КоАП).

Беларускае Радыё Рацыя, БелаПАН