У большасці раёнаў краіны смяротнасць перавысіла нараджальнасць
Практычна ва ўсіх раёнах Беларусі (у 115 са 118) у першым квартале смяротнасць перавысіла нараджальнасць, сведчаць афіцыйныя статыстычныя дадзеныя.
Паводле звестак абласных статупраўленняў, у першым квартале ва ўсіх (76) раёнах Віцебскай, Берасцейскай, Менскай, Гарадзенскай абласцей назіраліся натуральныя страты насельніцтва.
У Магілёўскай вобласці такая тэндэнцыя была характэрная для 20 раёнаў (колькасць народжаных перавысіла колькасць памерлых толькі ў Краснасельскім раёне).
У Гомельскай вобласці насельніцтва скарачалася ў 19 раёнах (толькі ў Жлобінскім і Чачэрскім раёнах адбыўся натуральны прырост насельніцтва).
Дэмаграфічныя праблемы абмяркоўваліся 11 мая ў Гарадзенскім аблвыканкаме на пасяджэнні савета па дэмаграфічнай бяспецы.
Удзельнікі пасяджэння канстатавалі, што з пачатку года ў вобласці агульная смяротнасць у параўнанні з першым кварталам 2017 года ўзрасла на 10%. Як паведамляе аблвыканкам, у Гародні і 9 раёнах вобласці фіксуецца агульны рост смяротнасці над нараджальнасцю. Зніжэнне смяротнасці ў працаздольным узросце адзначаецца толькі ў 5 раёнах.
„Змены ў дэмаграфічнай сітуацыі патрабуюць прынцыпова новага падыходу ў рабоце арганізацый сістэмы аховы здароўя. Неабходна больш актыўна прымяняць комплекс спецыяльных мер, накіраваных на павышэнне якасці жыцця насельніцтва”, — заявіў на пазачарговым пасяджэнні савета па дэмаграфічнай бяспецы намеснік старшыні Гарадзенскага аблвыканкама Віктар Лісковіч.
У цэлым па Беларусі за першы квартал смяротнасць перавысіла нараджальнасць на 8.766 чалавек (за ўвесь мінулы год натуральнае змяншэнне насельніцтва склала 16.695 чалавек).
Беларускія эканамісты канстатуюць, што цяперашні ўзровень нараджальнасці з’яўляецца недастатковым для паляпшэння дэмаграфічнай сітуацыі ў краіне.
„У Беларусі каэфіцыент нараджальнасці складае 1,6-1,7, а для павелічэння насельніцтва неабходна, каб на адну жанчыну прыпадала больш за два дзіцяці. Пакуль не бачна перадумоў, за кошт якіх гэты паказчык мог бы так істотна вырасці”, — адзначыла ў каментары БелаПАН акадэмічны дырэктар Беларускага эканамічнага даследча-адукацыйнага цэнтра (BEROC) Кацярына Барнукова.
Эксперт адзначае, што эканамічныя метады (у прыватнасці, павышэнне дапамогі для догляду дзіця) ужо не дазваляюць забяспечыць рост нараджальнасці ў краіне. „На сучасных гарадскіх жанчын такога кшталту стымулы не маюць уплыву”, — канстатуе Барнукова.
Дамагчыся рэальнага паляпшэння дэмаграфічнай сітуацыі можна за кошт развіцця сеткі дашкольных устаноў, у якіх маглі б знаходзіцца дзеці ва ўзросце да 3 гадоў, лічыць эксперт.
„Для павышэння гатоўнасці насельніцтва заводзіць дзяцей неабходна ствараць умовы, каб жанчыны маглі сумяшчаць ролю маці з прафесійнай дзейнасцю. Для гэтага неабходна ствараць адпаведныя ўмовы і развіваць сетку дашкольных устаноў”, — лічыць Барнукова.
Таксама, мяркуе эксперт, забяспечыць прырост насельніцтва можна за кошт прыцягнення ў краіну мігрантаў.
„З улікам неспрыяльнай эканамічнай сітуацыі ва Украіне і культурнай блізкасці нашых краін Беларусь магла б разлічваць на прыцягненне мігрантаў з паўднёвай суседкі. Аднак, каб стаць прывабнай для мігрантаў, у нашай краіне павінны назірацца ўстойлівыя тэмпы эканамічнага росту”, — падкрэсліла ў каментары БелаПАН Барнукова.
Фота wikipedia.org