У Браслаўскім раёне гарэў торфабрыкетны завод
На рэканструяваным у гэтым годзе ААТ „Торфабрыкетны завод Браслаўскі” ў вёсцы Ахрэмаўцы Браслаўскага раёна Віцебскай вобласці ўвечары 24 чэрвеня здарыўся пажар.
Паведамленне пра ўзгаранне ў прэсавальным цэху (13 х 13 м) на другім паверсе двухпавярховага цаглянага будынка (13 х 24 м, 2018 года пабудовы) вытворчага корпуса прадпрыемства паступіла ў 18.08, паведаміла абласное ўпраўленне МНС.
У выніку пажару пашкоджаныя элементы кіравання двух цыклонаў, блок кіравання прэсамі і электраправодка абсталявання. Пацярпелых няма. Прычына пажару высвятляецца.
Торфапрадпрыемства „Браслаўскае” было створанае ў лютым 1967 года з мэтай вытворчасці торфабрыкету для насельніцтва і іншых спажыўцоў Віцебскай вобласці, а таксама для здабычы торфу сельскай гаспадарцы. У 2009 годзе пераўтворана ў ААТ „Торфабрыкетны завод Браслаўскі”. Праектная магутнасць прадпрыемства складала 30 тыс. тон тарфяных брыкетаў за год. У адпаведнасці з Праграмай развіцця прадпрыемстваў тарфяной прамысловасці на 2006—2010 гады у 2018 годзе была праведзеная рэканструкцыя прадпрыемства. Выпуск тарфяных брыкетаў павінен ўзрасці да 40 тыс. тон за год. Наяўнай сыравіны, як адзначаецца ў візітнай картцы прадпрыемства на яго сайце, хопіць на 30 гадоў.
Фота: mchs.gov.by