У Браслаўскім раёне ўвялі абавязковы маскавы рэжым



Браслаўскі райвыканкам увёў дадатковыя меры прафілактыкі і зніжэння распаўсюджвання вострых рэспіраторных інфекцый, у тым ліку выкліканых COVID-19, паведамляе мясцовае выданне „Браслав Online”.

Згодна з дакументам, людзі павінны абавязкова насіць маскі ў аб’ектах масавага знаходжання людзей. Абслугоўваць наведнікаў без масак забаронена. У грамадскіх месцах павінна быць ня менш за 10 м² на чалавека.

«Меры абумоўленыя пагаршэннем эпідэміялагічнай абстаноўкі ў рэгіёне», – патлумачыла галоўны санітарны лекар Браслаўскага раёна Вольга Рудакова.

Раней абавязковы маскавы рэжым увялі ў Бялыніцкім і Кіраўскім раёнах Магілёўскай вобласці. 26 траўня абавязковы маскавы рэжым таксама ўводзілі ў Іўейскім раёне Гарадзенскай вобласці, але праз дзень маскі зноў сталі толькі рэкамендацыяй.

Беларускае Радыё Рацыя