У Браславе з’явілася беларуская арт-прастора
Арт-прастору «Кавярня» з беларускамоўным бармэнам і арт-дырэктарам стварыла ў Браславе Юля Цярэнцьева. Былая журналістка пераехала з Менска жыць у вёску Зарачча пад Браславам, зняла будынак на ўскрайку Браслава пад арт-пляцоўку і кавярню і занялася бізнесам. Там яна разам з калегам Галляшом Сялявам не толькі прапануе гасцям смачныя стравы, але і ладзіць для іх забавы, улічваючы розныя густы наведвальнікаў. Таксама арт-прастора супрацоўнічае з мастакамі, рамеснікамі ды іншымі творчымі людзьмі.
[Not a valid template]
Як кажа Юля Цярэнцьева, яны гатовыя да любога цікавага супрацоўніцтва, тым больш што мясцовыя ўлады не перашкаджаюць ім працаваць.
– Яны асабліва не перашкаджаюць. Магчыма нават, што яны па-свойму задаволеныя, што на мапе Браслаўскага раёна з’явілася нейкая кропка, якая можа быць цікавай і карыснай для развіцця рэгіёна ў цэлым. На жаль, сёння ў Браславе ёсць шмат праблем. Напрыклад, няма ніякіх турыстычных мапаў. Людзі да нас прыходзяць, бо вісіць тут адзіная турыстычная мапа. Яны глядзяць, куды ім трэба паехаць, пытаюцца ў нас, куды паехаць, што паглядзець можна. Мы падказваем, дзе можна знайсці жыллё. Такім чынам, мы выконваем абавязкі інфармацыйнага цэнтра, якога, на жаль, у Браслаўскім раёне няма.
Юля Цярэнцьева разам з сям’ёй выкупіла і будынак старой школы часоў Пілсудскага ў вёсцы Пеліканы. Там марыла адкрыць Цэнтр сямейнага адпачынку. Ёй збіраўся дапамагчы ў гэтым адзін маскоўскі інвестар. Але папяровая бюракратыя ды іншыя перашкоды з боку абласной улады пакуль не дазваляюць увасобіць у жыццё задуманае. Нават сам інвестар ужо засумняваўся ў тым, што штосьці можа змяніцца да лепшага ў нашай краіне. Таму, напэўна, задума так і застанецца толькі марай.
Поўны гук слухайце ў далучаным файле.
Таццяна Смоткіна, Беларускае Радыё Рацыя
Фота аўтаркі