У Берасці вынесены прысуд фігурантам другой крымінальнай „справы аб карагодзе”
Суд Ленінскага раёна Берасця 15 сакавіка вынес прысуд васьмі фігурантам другой крымінальнай „справы аб карагодзе”, паведамляе тэлеграм-канал „Вясна. Брэст”.
Усе яны прызнаныя вінаватымі на падставе ч. 1 арт. 342 КК (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх).
Дзмітрыя Буневіча суд прыгаварыў да аднаго года і васьмі месяцаў пазбаўлення волі, Аляксея Арцецкага — да паўтара года пазбаўлення волі. Адбываць пакаранне яны будуць у калоніі агульнага рэжыму. Дзмітрыю Абрамуку і Віталю Бруху прызначаныя два гады абмежавання волі, Аляксею Бараноўскаму, Дзмітрыю Качурку і Уладзіміру Талатынніку — паўтара года абмежавання волі. Прысуд прадугледжвае выкананне пакарання з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу. Генадзь Місюта атрымаў паўтара года абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу.
Прысуд не ўвайшоў у законную сілу і можа быць абскарджаны.
Качурка, Буневіч, Місюта віну прызналі цалкам, Арцецкі, Бараноўскі і Брух часткова, Талатыннік і Абрамук віну не прызналі.
Прысуд фігурантам першай крымінальнай „справы аб карагодзе” суд Ленінскага раёна Берасця вынес 25 лютага.
Тады асудзілі 10 чалавек. Вадзіму Варановічу і Максіму Жараву было прызначанае пакаранне ў выглядзе двух гадоў абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу. Мікалаю Федарэнку, Яўгену Каўпачыку, Віктару Дзенісенку, Аляксею Якубуку, Віталю Літвіну — паўтара года абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу. Яраслаў Ярашук і Марына Глазава асуджаныя на паўтара года абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу, Марына Сірацан — на год абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу. Яны таксама прызнаныя вінаватымі паводле ч. 1 арт. 342 КК.
Згодна з абвінавачаннем, 13 верасня 2020 года гэтыя людзі ўзялі ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве ў цэнтры Брэста. Знаходзячыся на праезнай частцы на скрыжаванні праспекта Машэрава, бульвара Касманаўтаў і бульвара Шаўчэнкі, у групе з іншымі асобамі яны „наўмысна ўзялі актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак”. Гэтыя дзеянні, гаворыцца ў абвінавачанні, былі спалучаныя з відавочным непадпарадкаваннем законным патрабаванням прадстаўнікоў улады, пацягнулі парушэнне працы транспарту, прадпрыемстваў і арганізацый. У прыватнасці тралейбуснаму парку нанесены ўрон на 619 рублёў 55 капеек, аўтобуснаму — 40 рублёў 37 капеек.
Удзельнікаў акцыі пратэсту, якія пачалі вадзіць карагоды на скрыжаванні, сілавікі разагналі вадамётам.
Крымінальных „спраў аб карагодзе” некалькі. Агульная колькасць фігурантаў — 56.
Берасцейскі праваабаронца Раман Кісляк лічыць, што ў дзеяннях фігурантаў такіх спраў няма складу крымінальнага злачынства. „Гэта адміністрацыйнае правапарушэнне”, — заявіў БелаПАН праваабаронца.