У Бруселі прайшоў пікет з нагоды 27-ай гадавіны абвешчання незалежнасці Беларусі
27 ліпеня 1990 года Вярхоўным Саветам БССР была прынята Дэкларацыя аб дзяржаўным суверэнітэце Беларусі. БССР у гэтым шэрагу апынулася дзясятай сярод 15 рэспублік Савецкага Саюза. Дэкларацыя наблізіла развал Савецкага Саюза і стварэнне незалежнай краіны, пра якую марылі многія пакаленні беларусаў.
У Бруселі перад будынкам Еўрапарламента прайшоў пікет у гонар важнай даты беларускай гісторыі. У ім прынялі ўдзел 6 чалавек – пераважна беларусы, якія пражываюць у Бельгіі. Распавядае адзін з удзельнікаў пікета Янка Дзяшук:
– Мы толькі што завяршылі пікет. Прайшло ўсё вельмі добра. Мэты, якія мы ставілі, выканалі. Мы заявілі ў цэнтры Еўропы, што праблемы, якія былі ў Беларусі, нікуды не зніклі. Мы заклікалі еўрапейскае грамадства дапамагчы беларускай супольнасці, заклікалі вызваліць палітвязняў. Выказалі свой пратэст супраць вучэнняў. І павіншавалі з Днём Незалежнасці – днём прыняцця Дэкларацыі аб незалежнасці Беларусі.
Пасля заканчэння пікета, яго ўдзельнікі напісалі лісты палітвязням, якія працягваюць знаходзіцца за кратамі за ўдзел у змаганні з беларускім рэжымам.
Кастусь Багушэвіч, Беларускае Радыё Рацыя