У Бярозаўскай бібліятэцы хаваюць „Народную Волю”
У Бярозаўскай цэнтральнай раённай бібліятэцы прачытаць газету „Народная Воля” можна толькі па знаёмстве „з-пад крыса”, каб не бачылі іншыя наведнікі. Бібліятэка не падпісваецца на незалежныя газеты наогул. „Народную Волю” атрымлівае дзякуючы ахвярадаўцы.
На такое стаўленне да незалежнай газеты „Народная Воля” паскардзілася жыхарка Бярозы кандыдату ў дэпутаты раённага савета Таццяне Тарасевіч пад час пікета:
– Гэта канешне вельмі абурае, бо гэта зарэгістраваная газета, яна ёсць і ў падпісным каталозе, яна ёсць у шапіках па продажы газет. Яе хаваюць. Бібліятэка павінна быць крыніцай ведаў, а ў нас нейкая крыніца цемры атрымліваецца.
Паводле Таццяны Тарасевіч, у бібліятэцы няма кніг Святланы Алексіевіч. Кнігі Васіля Быкава толькі праграмныя савецкага часу. Больш нічога, хаця Быкаў пісаў да апошніх год жыцця і з-пад яго пяра выйшлі цудоўныя творы без праўкі цэнзара.
Беларускае Радыё Рацыя