У Бярозаўскім раёне не спыняюцца суды над пратэстоўцамі
Міліцэйскі дэспатызм і судовы канвеер працуюць у Бярозаўскім раёне бесперапынна. Амаль ні аднаго дня без затрыманняў і суда над грамадскімі актывістамі.
Міліцэйскі слэнг у адносінах да актыўных людзей абмежаваны словамі: удзельнічаў у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве, парушыў 5-6, 9-11 часткі артыкула 23.34. Канкрэтных тлумачэнняў ахоўнікі рэжыму даць не ў стане. Але гэта не замінае суддзям адмяраць штрафы, кажа чарговы пакараны з Белаазёрску Ягор Міхнюк:
– Я лічу, што прысуд не справядлівы, я сваю віну не прызнаю і буду абскарджваць прысуд у абласным судзе. Суддзя слухаць не захацеў. Мне было шмат чаго сказаць, ён увесь час перабіваў. Я маю поўнае права, згодна Канстытуцыі, артыкул 33.35, выказваць публічна сваю думку. Таму не ведаю. Можа нам ужо і гуляць па вуліцах забаронена.
Паводле сябра праваабарончага цэнтра „Вясна”Сержука Русецкага, спроба белаазёрскіх актывістаў дамагчыся дазволу на масавае мерапрыемства 4 кастрычніка скончылася нічым. Раённыя ўлады нахабна падманулі, што адзінае месца для масавых мерапрыемстваў у гэты дзень занятае. І гэты падман не мяняецца ў адносінах да актывістаў ужо шмат гадоў.
Беларускае Радыё Рацыя