У Бярозаўскім раёне судзяць актывістаў



Расправы над грамадскімі актывістамі ў Бярозаўскім раёне не спыняюцца.

Кожная нагода, якая для праваахоўных і судовых органаў патыхае вальнадумствам, жорстка караецца. Прыкладам таму можа стаць пакаранне Ірыны Грышчук з Белаазёрска вялікім штрафам у 45 базавых велічынь. Нагодай стала слова ў абарону анархіста, якога схапіла на плошчы горада міліцыя і здымак у сацсетках ля мемарыяла загінулага Рамана Бандарэнка.

Бярозаўская суддзя Людміла Рудзіна палічыла гэта несанкцыянаванымі акцыямі, якія былі не ўзгоднены з уладамі. Судовае рашэнне не здзівіла прысутных у судзе, справядлівасць і законнасць даўно пакінула гэты будынак, кажуць людзі:

– Можна адразу органу, які вядзе адміністратыўны працэс, прызначаць штрафы і не арганізоўваць увесь гэты цырк. 

– Ужо ў сярэдзіне працэсу было зразумела, што ўсё ж такі будзе абвінавачванне. 

Паводле сябра праваабарончага цэнтра Вясна Сяржука Русецкага, Ірыну без віны караюць за ўдзел у, так бы мовіць, несанкцыянаваных мерапрыемствах не першы раз. Гэтым разам у яе правялі вобшук і змясцілі на 72 гадзіны ў ізалятар часовага ўтрымання. З кватэры быў рэквізаваны бел-чырона-белы сцяг, які ніякіх адносін не меў да абвінавачванняў:

– Няма незалежнай судовай сістэмы. Судовая сістэма падпарадкоўваецца мясцовым уладам. Суддзі прымаючы свае рашэнні нават не могуць меркаваць, што абласны суд можа не пагадзіцца з іх прынятым рашэннем і неяк гэта рашэнне змяніць.

Увесь рэпартаж слухайце ў далучаным файле:

Паводле праваабаронца, нягледзячы ні на што Ірына Грышчук будзе абскарджваць рашэнне суда Бярозаўскага раёна.

Беларускае Радыё Рацыя