У Бярозаўскім судзе пачаўся працэс над Уладзімірам Зубрыцкім
У Бярозаўскім раённым судзе пачаўся адміністрацыйны працэс над грамадскім актывістам з Белаазёрска Уладзімірам Зубрыцкім.
Працэс вядзе адна з бярозаўскіх суддзяў Людміла Рудзіна. Яна абазначыла сябе тым, што спраўна карала “палітычных”. Зубрыцкі сказаў, што яму патрэбен адвакат. Разгляд справы аднеслі на 26 траўня на 15.00, кажа Уладзімір Зубрыцкі:
– Быццам я ёсць на фотаздымку з чырвона-белымі сцягамі, якую размясцілі ў інтэрнэце. Пры затрыманні ў іх нічога не было, яны з пустымі рукамі мяне забралі сілай. Праз пяць гадзін прынеслі нарэшце пратакол затрымання.
Паводле сябра праваабарончага Цэнтра „Вясна” Сержука Русецкага, тое, што адбываецца ў Белаазёрску з Уладзімірам Зубрыцкім, а таксама Таццянай Брыч і Валянцінай Васілеўскай можна назваць нахабным пераследам і дыскрымінацыяй з боку міліцыі:
– Зараз і на балконе сцяг – пікетаванне, і нейкая налепка на мабільніку можа палічыцца пікетаваннем, і налепка на аўтамабілі.
Усе, каго хочуць прыцягнуць да адміністрацыйнай адказнасці за здымак да Дня перамогі з бел-чырвона-белымі сцягамі, не маюць дачынення да здымка. Пра што кажа далейшая дэманстрацыя аналагічных здымкаў у інтэрнэце з надпісам: не чапайце невінаватых!
Беларускае Радыё Рацыя