У Бярозаўцы да помніка Леніну ўсклалі вянок з чарапамі і шыльдай “Нямецкаму шпіёну Леніну”



У Бярозаўцы чарговы раз усклалі вянок з чарапамі да помніка Леніну. Гэтым разам такім чынам жыхары Бярозаўкі павіншавалі яго з днём народзінаў – 22 красавіка. Да вянка была прымацаваная шыльда з надпісам “Нямецкаму шпіёну Леніну”.

Жыхары горада такім чынам выказваюць сваё стаўленне да асобы Леніна і да той камуністычнай ідэалогіі, якая шмат гадоў панавала на гэтай зямлі.

Гаворыць адзін з тых, хто ўскладаў вянок, – Вітольд Ашурак:

– Звяртаюся ў першую чаргу да актыўных людзей выказваць сваё стаўленне да бальшавізму, да гэтых помнікаў. Проста каб нагадаць уладам, што мы не падзяляем гэтых поглядаў, і гэтыя помнікі лішнія тут, яны не патрэбныя. Сёння дзень нараджэння гэтага чалавека. Таму кожная нагода выказваць сваё стаўленне – гэта і ёсць дэкамунізацыя. Мы павінны зрабіць аналіз усіх памылак, і каб больш на нашай зямлі такога не адбылося.

Нагадаем, што ў 2017 годзе ў Бярозаўцы да 100-годдзя бальшавістскага перавароту быў ускладзены вянок з калючага дроту з напісам “Гары ў пекле кат”. Тады была адкрытая адміністрацыйная справа. Але праз некалькі дзён закрытая з-за адсутнасці складу правапарушэння.

Андрусь Панямонаў, Беларускае Радыё Рацыя