У Бярозаўцы не дазволілі правесці пікет супраць вучэнняў «Захад 2017»
Выканаўчы камітэт горада Бярозаўка не даў дазволу на правядзенне пікета супраць вайсковых вучэнняў «Захад 2017».
Сябра Партыі БНФ Вітольд Ашурак падаў заяўку ў мясцовы орган улады з прапановаю правесці ў горадзе пікет, на якім бы ён меў магчымасць публічна выказаць сваё стаўленне да вайсковых вучэнняў, а таксама звярнуць увагу жыхароў горада на тыя пагрозы, якія яны могуць несці для дзяржаўнай бяспекі.
Чыноўнікі матывавалі сваю адмову тым, што заяўнік меў цягам года адміністратыўнае спагнанне па артыкуле аб арганізацыі і ўдзеле ў масавых мерапрыемствах.
— У большасці людзі ставяцца абыякава, бо яны не ведаюць той рызыкі і тых пагроз, якія нясуць такія «гульбішчы са зброяй». Ну, зразумела, што першай мэтай было данесці да ўладаў пасыл, што частка беларусаў не хоча і рашуча настроена супраць гэтых вучэнняў. Нам трэба проста, каб людзі думалі сваёй галавой, каб чалавек сам задумваўся: «А мне патрэбныя гэтыя вучэнні? Што яны нясуць мне?».
Сойм Партыі БНФ прыняў рашэнне правесці пікеты ў дзясятках гарадоў Беларусі супраць вайсковых вучэнняў «Захад 2017». На што былі пададзеныя адпаведныя заявы ў мясцовыя органы ўлады. У тым ліку і ў Бярозаўцы. Акцыя павінна была адбыцца ў Дзень незалежнасці 27 ліпеня.
Андрусь Панямонаў, Беларускае Радыё Рацыя