У Бярозаўцы пачаўся збор подпісаў за помнік Юліусу Столле
У горадзе Бярозаўка, што на Лідчыне, пачалася кампанія па зборы подпісаў за ўсталяванне помніка аднаму з заснавальнікаў шкляной вытворчасці ў гэтым месцы – Юліусу Столле.
Да мясцовых актывістаў далучыліся і валанцёры з грамадскага руху “Дзея”. Толькі за два няпоўных дні сабралі 650 подпісаў у падтрымку ініцыятывы. Улічваючы, што ў самой Бярозаўцы жыве ня больш за 10 тысяч чалавек, такая колькасць подпісаў за некалькі гадзін збору, сведчыць пра тое, што перад гэтым прайшла вельмі грунтоўная інфармацыйная кампанія з боку мясцовых актывістаў, лічыць заснавальнік і сябра рады грамадскага руху “Дзея” – Алесь Лагвінец:
— Бачна, што ёсць станоўчае стаўленне людзей, вельмі цешыць, што бярозаўцы пазітыўна рэагавалі. Шмат хто адказвае на беларускай мове. Людзі разумеюць важнасць гістарычнай памяці. Ёсць таксама свой сімвалізм, калі помнік з’явіцца ў цэнтральным месцы горада і будзе паказваць паспяховага чалавека, які найперш дбаў пра асабісты інтарэс, але праз асабісты інтарэс ён спрычыніўся да таго, што паўстаў цэлы горад.
Юліус Столле – мастак па шкле, прадпрымальнік і мецэнат, які з’яўляецца адным з заснавальнікаў вядомай на ўвесь свет шкляной вытворчасці пад маркаю “Нёман”. У наш час яго імя ніякім чынам не ўвекавечана ў горадзе Бярозаўка, які ўзнік вакол прадпрыемства.
Поўны матэрыял слухайце ў далучаным гукавым файле:
Андрусь Панямонаў, Беларускае Радыё Рацыя
Фота аўтара