У Бярозаўцы прайшлі пікеты па зборы подпісаў за Юрася Губарэвіча



За перыяд збору подпісаў за вылучэнне кандыдатаў у прэзідэнты ў горадзе Бярозаўка, што на Лідчыне, пікеты выстаўляліся толькі за Юрася Губарэвіча.

За ўвесь час было сабрана каля 150 подпісаў. Але ў асноўным людзі прыходзілі і прыязджалі на пікеты не столькі каб падпісацца за вылучэнца, колькі выгаварыцца аб набалелых праблемах у Беларусі ды сустрэцца на пікеце з аднадумцамі.

Гаворыць адзін з тых, хто прыйшоў пакінуць свой подпіс:

– Я моцна шкадую, што раней мяне гэта не хвалявала. Зараз мне 43 гады, мяне гэта закранула і я разумею, што шмат ужо страчана, што раней няк трэба было рабіць. А цяпер усё абрасло кантрэтна. Ён Канстытуцыю пад сябе зрабіў. Калі яшчэ гэтых пяць гадоў будзе, то забароніць браць інтэрв’ю, забароніць здымаць блогерам. Зробіць так, каб тут наогул не маглі б уздыхнуць, таму што гэта будзе парушэннем закона і за гэта будуць даваць суткі. То ты тады скажы адразу: я прэзідэнт і ўсё, пакуль не памру, і нікуды вы ня дзенецеся, калі трэба, буду страляць як Карымаў.

Акрамя таго, што ў Бярозаўцы ладзіліся пікеты па сборы подпісаў за Юрася Губарэвіча, таксама збіраліся подпісы і за дзейнага прэзідэнта. Але там увесь збор подпісаў адбываўся не на вуліцы, а за зачыненымі дзвярыма прадпрыемстваў і арганізацыяў.

Андрэй Панямонаў, Беларускае Радыё Рацыя