У Бярозаўцы пратэставалі супраць другога цэху па вытворчасці шкловаты



“Шкловата – наш Чарнобыль” – з такім плакатам выйшаў на пікет у Бярозаўцы грамадскі актывіст Вітольд Ашурак. У 34-ю гадавіну аварыі на Чарнобыльскай атамнай станцыі ён вырашаў нагадаць, што экалагічныя праблемы ў Бярозаўцы з-за шкоднай вытворчасці шкловаты нікуда не зніклі. А пасля нядаўняга візіту Аляксандра Лукашэнкі могуць быць яшчэ большымі, пасля адкрыцця ў Бярозаўцы другога цэха па вытворчасці шкловаты. Пра гэтае будаўніцтва Лукашэнка заявіў пад час наведвання шклозавода “Нёман”.

Вітольд Ашурак: „Я прыйшоў сюды з пратэстам. Нам дастаткова і ранейшай ваты, хоць і тая непатрэбная для Бярозаўкі. Тым больш другі цэх. Мой выхад – гэта месыдж жыхарам нашага гораду Бярозаўка. Пратэставаць трэба да таго, калі пабудуюць гэты цэх. Бо потым пачнуцца маніпуляцыі, калі пачынаюць “біць на жаласць”. Маўляў, мы пабудавалі – куды ўсё гэта падзенем. Трэба змагацца менавіта цяпер”.

Акцыя каля прахадной шклозавода доўжылася каля гадзіны і прайшла без затрымання. Варта адзначыць, што жыхары горада вельмі актыўна віталі ўдзельнікаў акцыі і выказвалі ім сваю падтрымку і салідарнасць.

Андрусь Панямонаў, Беларускае Радыё Рацыя