У Бярозаўцы развіталіся з Вітольдам Ашуркам
Сотні людзей прыйшлі на могілкі праводзіць у апошні шлях Вітольда Ашурка.
Пахавалі пад бел-чырвона-белым сцягам, як пра гэта марыў Вітольд Ашурак. Развітацца з ім прыехалі сотні чалавек, сярод якіх сябра Вітольда Ашурка, прадстаўніца Руху “За Свабоду” – Вольга Быкоўская:
– Шмат людзей на могілках. Пахавалі пад бел-чырвона-белым сцягам. Брат Вітольда прыгадаў, што ён калісьці пра гэта марыў, што ён калісьці стане старым, і мы тады яго пахаваем пад гэтым сцягам. Але старым ужо, на жаль, у яго не атрымаецца быць… Але вось пахавалі, развіталіся з Вітольдам.
Яго пахавалі пад бел-чырвона-белым сцягам.
У касцёле завершылася служба.
З Бярозаўкі перадае наш карэспандэнт:
– Працэсія, якая праводзіць Вітольда Ашурка, выйшла з пахавальнага дому і прайшлася па вуліцам Бярозаўкі. У працэсіі прымала ўдзел каля 500 чалавек. Падчас працэсіі зайшлі да дома, дзе жыў раней Вітольд. Там адбылася хвіліна памяці. І зараз ідзе служба ў Чырвоным касцёле ў Бярозаўцы. Вакол касцёла пастаянна дзяжураць машыны з людзьмі ў цывільным. Пакуль што нікога не затрымалі. Пасля касцёлу труна паедзе на могілкі, дзе адбудзецца пахаванне.
Сярод прысутных на развітанні – грамадскія дзеячы Вадзім Саранчукоў, Алесь Лагвінец, Андрэй Юркоў, Таццяна Малашчанка, Павел Батуеў, Віктар Янчурэвіч, спявак Андрэй Мельнікаў, рэдактар «Нашай Нівы» Андрэй Дынько.
З Бярозаўкі перадае наш карэспандэнт:
– Каля пахавальнага дома сабралася каля некалькі соцень чалавек. Прыехалі актывісты не толькі з Бярозаўкі, але і з іншых гарадоў Беларусі – з Менску, з Магілёву, з Гомелю, якім удалося прарвацца ў Бярозаўку, таму што на ў’ездзе ў горад стаяць кардоны з ДАІ, не пускаюць людзей з сімволікай.
Выносяць труну, каб несці яе ў касцёл, там будзе служба па Вітольдзе. І затым адбудзецца пахаванне на мясцовых бярозаўскіх могілках.
З Бярозаўкі перадае наш карэспандэнт:
– Труна з целам Вітольда Ашурака знаходзіцца ў рытуальным цэнтры „Бярозаўка”. Тут ужо прыехала некалькі дзясяткаў актывістаў з розных рэгіёнаў Беларусі. На ў’ездзе ў Бярозаўку дзяжураць машыны ДАІ, даішнікі затрымліваюць машыны, якія не з Гарадзенскай вобласці, і вельмі шчыльна правяраюць людзей, што прыязджаюць у Бярозаўку. Каля труны ўвесь час знаходзіцца маці Вітольда і брат Андрэй. Брата сёння выклікалі ў міліцыю, але ён папрасіў адкласці гэтую сустрэчу на заўтра.
У Бярозаўцы (Лідскі раён) развітваюцца з 50-гадовым палітвязнем Вітольдам Ашуркам.
Фота Сяргея Апановіча, Беларускае Радыё Рацыя.
***
Следчы камітэт даў дазвол на выдачу сваякам цела палітвязня Вітольда Ашурка, які памёр у шклоўскай калоніі. Пахаванне сваякі запланавалі на 26 траўня.
„Каля шасці гадзін вечара 24 траўня брату Вітольда патэлефанавалі з магілёўскага СК і сказалі, што заўтра можна забраць цела брата. Да 9 раніцы рэкамендавалі быць на месцы”, — паведаміў БелаПАН сябар нябожчыка Сяргей Пантус.
Брата палітвязня Андрэя Ашурка апытвалі ва ўпраўленні СК па Магілёўскай вобласці каля гадзіны.
„Апытвалі, ці былі ў брата праблемы са здароўем. Праверка яшчэ вядзецца, таму прычыну смерці мне не сказалі”, — паведаміў БелаПАН Андрэй Ашурак.
Паводле яго слоў, яму аддалі пашпарт брата і дазволілі забраць цела.
Каля будынка судовай экспертызы ў гэты час знаходзіўся мікрааўтобус з сілавікамі, у тым ліку супрацоўнікамі АМАПа. Паўстала прыкладна гадзінная затрымка з выдачай цела нябожчыка ў сувязі з тым, што яшчэ дзейнічала забарона.
Падчас выдачы цела аказалася, што ў Вітольда Ашурка цалкам забінтаваная галава, бачны толькі рот. Паводле слоў яго брата, гэтыя пашкоджанні паспрабавалі растлумачыць тым, што цела ўпала пры даставанні з халадзільніка. Пры складанні папярэдняга пасведчання аб смерці прысутнічаў чалавек у цывільным.
Цырымонія развітання і пахаванне, паводле слоў сваякоў, пройдуць 26 траўня ў Бярозаўцы (Лідскі раён Гарадзенскай вобласці). Грамадскае развітанне пройдзе з 9.00 па 13.00 у будынку Дома быту (вул. Навагрудская, 8), з 14.00 будзе ісці памінальная служба ў касцёле Спаслання Святога Духу. Пасля гэтага Вітольд Ашурак будзе пахаваны на гарадскіх могілках.
Пра смерць Ашурка сваякам паведамілі ўвечары 21 траўня. Папярэдняй прычынай смерці назвалі спыненне сэрца. Родныя і сябры не атрымлівалі ад яго лістоў з канца красавіка.
18 студзеня суд Лідскага раёна прызнаў Ашурка вінаватым у арганізацыі дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, і нападзе на міліцыянера падчас акцыі пратэсту ў раённым цэнтры 9 жніўня 2020 года. Яму было прызначанае пакаранне ў выглядзе пяці гадоў пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму.
8 красавіка Гарадзенскі абласны суд паводле вынікаў разгляду апеляцыі пакінуў прысуд Ашурку без зменаў.