У Бярозаўцы ўлады адмовілі ў правядзенні пікету за помнік Юліусу Столле
Гарадскія ўлады ў Бярозаўцы далі адмоўны адказ на заяўку па правядзенні інфармацыйнага пікету за ўсталёўку ў гарадскім парку помніка Юліусу Столле. Фармальнай прычынай адмовы стала публікацыя на сайце Радыё Рацыя інфармацыі пра тое, што гэтая заяўка была пададзеная.
Заяўнік Вітольд Ашурак лічыць такую прычыну надуманай. Але і тое, што прыйшла адмова, – гэта таксама інфармацыйная нагода, якой варта карыстацца, каб нагадваць чарговы раз пра важнасць помніка Юліусу Столле для Бярозаўкі.
– Гэта дзіва! Чалавек пагаварыў з журналістам, сказаў, што падаў заяўку. І на гэтай падставе адмаўляюць у правядзенні пікета. Гэта добра – гэта паказвае ваш узровень, вашае стаўленне да людзей. І калі вы думаеце, што Вітольд Ашурак гэтым не скарыстаецца, то вы памыляецеся. Скарыстаюся і абавязкова сабе на карысць. А не вам.
Гэта была другая спроба падаць такую заяўку ў Бярозаўскі гарвыканкам. Па словах грамадскага актывіста, ужо плануецца трэцяя спроба. І так будзе да той пары, пакуль не прыйдзе станоўчы адказ.
Андрэй Панямонаў, Беларускае Радыё Рацыя