У Бярозе адбудзецца пікет на Дзень Волі?
Бярозаўскія ўлады часткова задаволілі заяву праваабаронцаў наконт адзначэння ў Бярозе 25 сакавіка – угодкаў БНР. Калі акцыя ўсё ж адбудзецца, то яна пройдзе з 18-ай да 19-ай гадзіны.
Праваабаронцы прасілі дазвол на правядзенне акцыі каля ўваходу на Цэнтральны стадыён на галоўнай вуліцы Бярозы, але ўлады накіравалі іх на стадыён Паўночны на ўскрайку горада.
Прычына пісьмова не пазначана, кажа адзін з заяўнікаў пікета Сяржук Русецкі:
– Па-праўдзе кажучы той дазвол, які мы атрымалі, не ёсць канчатковым, паколькі мы мусім заключыць дамовы з міліцыяй, шпіталём і жыллёва-камунальнай гаспадаркай. Наш досвед заключэння дамовы з міліцыяй ад 27-га ліпеня мінулага года паказаў, што гэта можа аказацца не такім простым пытаннем. Толькі 24-га сакавіка можна будзе канкрэтна сказаць, што пікет усё ж такі будзе дазволены.
Мэта пікета – адзначэнне 98-х угодкаў абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі, публічнае выражэнне пратэсту супраць ціску на прадпрымальнікаў і падатку на дармаедаў.
Беларускае Радыё Рацыя