У Бярозе хлопца збілі за нелюбоў да Пуціна



У Бярозе ўначы з 17 на 18 чэрвеня прыхільнікамі „рускага свету” моцна збіты брат апазіцыйнага актывіста Іллі Шыманскага Мікалай Шыманскі. 

Мікалай Шыманскі і Ілля Шыманскі

Пасля пытання: „Ты што, не любіш Пуціна?”, на яго пасыпаліся ўдары.

Хлопца біла група маладзёнаў, адзін з якіх апазнаны пацярпелым. 

У выніку Мікалай Шыманскі апынуўся на бальнічным ложку з чэрапна-мазгавой траўмай, траўмай спіны, сківіцы ды шыі:

– Гэта было недзе каля трох гадзін начы. Група людзей сядзела і спытала ў нас цыгарэту, мой знаёмы падышоў і пачаставаў іх. Калі мы ўжо збіраліся сыходзіць, голас адтуль: „Э, баптыст, ідзі сюды!”. Я спыніўся: „Што такое?”. Падышоў, а ён пачаў: „Ты што, не любіш Пуціна?”. Я ўвогуле не мог зразумець, што адбываецца, што яны ад мяне хочуць. Два разы яны паспрабавалі ўдарыць, я ўхіліўся. Ударылі мяне ў грудзі: „Гэта табе за Трампа, едзь у сваю Амерыку!”, а пасля пачалі біць мяне нагамі па галаве.

Мікалая верагодна пераблыталі з Іллёй, на якога раней ужо быў здзейснены напад падчас мінулагодняй выбарчай кампаніі за кашульку з „Пагоняй”, беларускую мову і веравызнанне.

Беларускае Радыё Рацыя