У Бярозе на плошчы затрымалі 8 асобаў



26 сакавіка ў Бярозе галоўную плошчу горада з 12 да 13.30 патрулявалі супрацоўнікі Бярозаўскага райаддзела міліцыі, сярод якіх былі амапаўцаў. Да плошчы падагналі аўтазак.

На плошчы павінна была прайсці сустрэча чыноўнікаў раённага выканаўчага камітэта з жыхарамі Бярозаўшчыны па пісьмовай прапанове сябра Аб’яднанай грамадзянскай партыі Аляксандра Кабанава ў райвыканкам. Кабанава пасадзілі на 10 сутак.

Замест чыноўнікаў была вялікая колькасць сілавікоў, якія схапілі 8 чалавек, што выйшлі на плошчу, кажа затрыманы бярозаўчанін Віталь:

– Хацелася сказаць нейкае сваё слова не толькі за сябе, але і за народ, за сваіх дзяцей, бо ўсё закрываецца, усё становіцца, у Бярозе многія прадпрыемствы стаяць. Начальства не было ды і людзей не дапусцілі на плошчу, вакол плошчы стаялі людзі, а на плошчы самой некалькі асобаў было, але іх забралі, я таксама быў у іх ліку. Міліцыі было вельмі шмат.     

Праваабаронцу Сяржука Русецкага схапілі на падыходзе да плошчы. Актывістку Таццяну Тарасевіч схапілі за некалькі здымкаў плошчы з міліцыянтамі. Усіх васьмярых затрыманых адпусцілі без складання пратаколаў.

Беларускае Радыё Рацыя