У Бярозе не дазволілі пікет на Дзень Волі



Бярозаўскія праваабаронцы і грамадскія актывісты не змогуць правесці пікет на  Дзень Волі 25 сакавіка. Ён чарговы раз забаронены. І чарговы раз мясцовая ўлада ў адной з мэтаў пікету ўбачыла распальванне нацыянальнай варожасці. Адзін з заяўнікаў, праваабаронца Сяржук Русецкі лічыць прычыну забароны абсалютна надуманай :

Якая з мэтаў адзначэння 97-х угодкаў абвяшчэння незалежнасці БНР або патрабавання вызвалення палітвязняў з’яўляецца распальваннем нацыянальнай варожасці, самім нам цяжка здагадацца. Не ведаем, у чым з гэтых 2 пунктаў вертыкальшчыкі знайшлі распальванне нацыянальнай варожасці.

Ужо 18-ты год бярозаўская ўлада не дае магчымасці дэмакратычнай супольнасці правесці  масавыя мерапрыемствы. Доўгі час нагодай для адмовы  была немагчымасць заключэння дамоваў з патрэбнымі службамі. Амаль 2 гады цягнулася змаганне актывістаў за змену рашэння раённага выканаўчага камітэта згодна з пастановай Савета Міністраў, дзе гаварылася, што з міліцыяй дамаўляецца сам райвыканкам. Цяпер адмоўлена ў чатырох пікетах запар, а прычына адмовы – распальванне нацыянальнай варожасці.

Заяўнікі пікету будуць звяртацца ў суд. Хоць дамагчыся станоўчага выніку праз суд таксама няма надзеі.

Беларускае Радыё Рацыя, Бяроза

Фота salidarnasc.org