У Бярозе падалі заяўку на пікет на Дзень Волі



Мясцовыя праваабаронцы і грамадскія актывісты запланавалі адзначыць 25 сакавіка – 98-я ўгодкі абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі. Актывісты падалі заяўку на пікет у мясцовы раённы выканаўчы камітэт. Мелі намер правесці пікет з 18-й да 19-й гадзіны ля ўваходу ў мясцовы Цэнтральны стадыён на галоўнай вуліцы горада. Кажа адзін з заяўнікаў пікета Сяржук Русецкі:

– Сярод мэтаў пікета ёсць і выказванне свайго пратэсту супраць указа №222, які фактычна забараняе гандаль ІП, і дэкрэту №3. Калі ва ўсіх краінах выплачваецца дапамога беспрацоўным, то ў нас не даюць прадпрымальнікам працаваць, людзей з прадпрыемстваў звальняюць, каб тыя пасля яшчэ і падаткі плацілі дзяржаве за дармаедства.

Позва праваабаронцаў да Бярозаўскага райвыканкама па надуманай адмове пікета на 10 снежня – у Міжнародны дзень правоў чалавека – знаходзіцца на разглядзе ў касацыйнай інстанцыі. Паводле Русецкага, чарговая адмова ў пікеце не стане перашкодай для адзначэння 25 сакавіка мясцовымі актывістамі.

Беларускае Радыё Рацыя, Бяроза