Вынікі суда над праваабаронцай і журналісткай Тамарай Шчапёткінай (абноўлена)
У Бярозаўскім раённым судзе разглядалі справы праваабаронцы і журналісткі Тамары Шчапёткінай, якая супрацоўнічае з нашым Беларускім Радыё Рацыя. Суддзя – Алена Нямкова.
Па першай справе за 10 жніўня Тамары Шчапёткінай суд вынес папярэджанне. Нібыта яна ўдзельнічала ў акцыі, але прад’яўленыя ў судзе відэазапісы абверглі гэтае абвінавачванне.
Разгляд другой справы супраць Тамары Шчапёткінай – перанесены. Па гэтай справе яе спрабуюць зрабіць арганізатарам і ўдзельніцай Марша ў памяць закатаваных, які адбыўся ў Бярозе 23 жніўня.
Спадарыня Тамара кажа, што на судзе сведка-міліцыянт – адкрыта лгаў. Яна ж сама была падрыхтаваная да горшага сцэнару і прыйшла ў суд адразу з рэчамі. Таксама Тамара Шчапёткіна вельмі ўдзячная свайму адвакату, без дапамогі якога суд мог бы прайсці іначай.
***
У судзе Барозаўскага раёна сёння адбудзецца разгляд адміністрацыйнай справы журналісткі і праваабаронцы Тамары Шчапёткінай з Бярозы, якая супрацуе з Беларускім Радыё Рацыя.
Бярозаўскія міліцыянты зрабілі яе арганізатарам і ўдзельніцай Марша ў памяць закатаваных, які адбыўся ў Бярозе 23 жніўня. Пратакол падрыхтавалі без удзелу Шчапёткінай. Пра пратакол журналістка даведалася, калі ішла па горадзе, дзе яе дагналі міліцыянты і прапанавалі падпісаць пратакол. Тамара Шчапёткіна палічыла такія дзеянні міліцыянтаў парушэннем працэсуальных нормаў і падпісваць адмовілася. Журналістка ў маршы не ўдзельнічала і яго не арганізоўвала. Тамары Шчапёткінай па заведзенай справе пагражае пакаранне ў выглядзе штрафу або арышту.
Беларускае Радыё Рацыя