У Бярозе прайшла акцыя за адмену смяротнага пакарання
Бярозаўскія сябры Праваабарончага цэнтра “Вясна” пры правядзенні кампаніі “Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання ў Беларусі” ў Тыдзень супраць смяротнага пакарання правялі адпаведную работу на вуліцах Бярозы. Дыскутавалі з прахожымі, раздавалі людзям спецвыпуск “Народнай волі”, дзе шырока абмяркоўвалася пытанне адмены смяротнага пакарання.
Да прапановы ўзяць газету для знаёмства з такімі матэрыяламі людзі ставіліся па-рознаму, кажа праваабаронца Сяржук Русецкі:
– Маладзейшае пакаленне не чытае газет, чытаюць у інтэрнэце, сядзяць у мабільніках. Старэйшае пакаленне кажа, што ім гэта не патрэбна, бо чытаць не могуць; нехта, пачуўшы беларускую гаворка, прынцыпова адмаўляецца і кажа, што не ўмее чытаць па-беларуску. Усё-такі прыхільнікаў смяротнага пакарання даволі шмат.
Праваабаронцы распаўсюдзілі каля 400 экзэмпляраў спецвыпуску “Народнай волі”.
Ужо шмат гадоў праваабаронцы Бярозы напярэдадні і ў Міжнародны дзень супраць смяротнага пакарання праводзяць тлумачальную работу з людзьмі па адмене смяротнага пакарання.
Паводле сябра Праваабарончага цэнтра “Вясна” Сержука Русецкага, людзі мяняюць погляд на смяротнае пакаранне, калі з імі пачынаеш дыскутаваць на гэтую тэму. Калі б у гэтым удзельнічала актыўна дзяржава і царква – вынікі былі б іншымі.
Як высветлілася з апытання людзей на вуліцах Бярозы, большасць, у адрозненне ад мінулага года, за адмену смяротнага пакарання. Кажуць бярозаўчане:
– Можа, і трэба, а можа, і не.
– Дзе ўлады? Няхай думаюць.
– Я не прыхільнік смяротнага пакарання, бо мы не ведаем дакладна, ці таго мы караем. А па-другое, не мы давалі, не нам і забіраць жыццё.
– А які сэнс? Усё роўна зробяць так, як начальству трэба.
– Не трэба. Бо шмат забойстваў.
– Я супраць смяротнага пакарання.
– Я супраць смяротнага пакарання.
– Я супраць таго, каб было смяротнае пакаранне. Трэба яго адмяняць.
Кампанія “Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання ў Беларусі” доўжылася на працягу Тыдня супраць смяротнага пакарання. Ён праходзіць у Беларусі з 5 па 10 кастрычніка. Мэта кампаніі бярозаўскіх праваабаронцаў – прыцягнуць увагу грамадскасці да пытання адмены смяротнага пакарання ў Беларусі.
Слухайце гук у далучаным файле:
Беларускае Радыё Рацыя, Бяроза