У Бярозе “ператрэслі” блогера Аляксандра Кабанава (абноўлена)
У 11 гадзін раніцы ў кватэры жанчыны грамадскага актывіста і блогера Аляксандра Кабанава і ў доме ягоных бацькоў у вёсцы Зубачы прайшоў вобшук. Бярозаўскі следчы камітэт адкрыў крымінальную справу ў дачыненні Кабанава. У рамках якой вобшук рабілі супрацоўнікі аддзела эканамічнай бяспекі Бярозаўскага РАУС. Падчас ператрусу нічога не канфіскавана і нічога не знойдзена. Вобшук закончыўся ў 15 гадзін, кажа Аляксандр Кабанаў:
– Я пакуль каментаваць не буду, бо не ведаю, у чым мяне абвінавачваюць, па якім артыкуле. Буду на наступным тыдні ў следчага, і разам з адвакатам будзем знаёміцца са справай. Але я лічу, што ўсё гэта звязана з нашай дзейнасцю па акумулятарным заводзе, і тым больш па мітынгах і маршах, якія адбываюцца. Хачу звярнуць увагу на тое, што мы сабралі дастаткова шмат дакументаў, па якіх павінны быць узбуджаны крымінальныя справы. Але рэакцыя зваротная.
У ліпені ў вышэйзгаданных памяшканнях, датычных да Аляксандра Кабанава, быў праведзены агляд. На гэты раз – вобшук. Крымінальная справа заведзена ўпершыню.
Цалкам матэрыял у далучаным гукавым файле:
Беларускае Радыё Рацыя
***
У блогера з Бярозы Аляксандра Кабанава з раніцы 7 сакавіка ў доме адбываецца ператрус. Пра гэта паведамляе праваабаронца “Вясны” Уладзімір Вялічкін.
Прычыны і падрабязнасці ператрусу пакуль невядомыя, паколькі тэлефон Кабанава зараз недасяжны.
Праваабаронцы спрабуюць высветліць акалічнасці.
„Я не выключаю таго, што гэты ператрус звязаны з тым, што ініцыятыўная група супраць будаўніцтва акумулятарнага завода пад Берасцем абмяркоўвае пытанне вылучэння свайго прадстаўніка кандыдатам у прэзідэнты на будучых выбарах. Адна з разгляданых кандыдатур — актывіст Дзям’ян Лепясевіч, — дадаў Уладзімір Вялічкін. — Пра гэта Кабанаў паведаміў у выпуску youtube-праекта „Народны рэпарцёр” і ўзяў інтэрв’ю ў Лепясевіча”.