У Бярозе ў Бабарыкі выбракавалі толькі два подпісы



Бярозаўская раённая выбарчая камісія зацвердзіла пададзеныя подпісы ўсіх шасці прэтэндэнтаў у кандыдаты з невялікім выбракаваннем, кажа намеснік старшыні камісіі Аляксандр Крагель:

– У Бабарыкі толькі два подпісы былі прызнаныя несапраўднымі. Гэта звязана з тым, што ў падпісных аркушах указаны населеныя пункты вёска Агароднікі і вёска Бяроза, але вядаць пераблыталі.

Паводле доўгатэрміновага назіральніка кампаніі “Праваабаронцы за свабодныя выбары” Сяржука Русецкага, нараканняў на рашэнне камісіі, можна сказаць, няма:

– У Аляксандра Лукашэнкі і Андрэя Дзмітрыева несапраўдных подпісаў не было знойдзена. Адпаведна за Лукашэнку было зарэгістравана 7 503 подпісы, а за Дзмітрыева – 69. За Віктара Бабарыку сапраўднымі засталіся 1868 подпісаў.

У трох іншых прэтэндэнтаў Святланы Ціханоўскай, Валерыя Цапкалы і Сяргея Чэрачэня праверка подпісаў была пацверджана раней. Быў знойдзены толькі адзін несапраўдны подпіс у Святланы Ціханоўскай, дзе было напісана “вуліца Паўночная”, замест “вуліца Паўночны гарадок”, сярод зацверджаных 936 подпісы.

Беларускае Радыё Рацыя