У Бярозе збіраюць подпісы супраць падатку на “дармаедаў”



У Бярозе, як і іншых гарадах Беларусі, праходзіць збор подпісаў супраць падатку на “дармаедаў”. Праводзіць яго сябра Аб’яднанай грамадзянскай партыі Аляксандр Кабанаў з сваімі дабравольнымі памочнікамі. Аляксандр лічыць дэкрэт №3 поўнай бязглуздзіцай у час эканамічнага крызісу, калі дзяржава не ўстане забяспечыць работай сваіх грамадзян. Падпісваюцца нават тыя, хто працуе, кажа Аляксандр Кабанаў:

– Я ўжо не першы раз праводжу акцыі. У людзей пачынае знікаць страх. І гэта самае важнае. Людзі актыўна падпісваюцца. То бок, апошняя кропля ўжо капнула. Усе пачынаюць разумець, што адбываецца нешта нездаровае.

Сапраўды, людзей не трэба было ўгаворваць ставіць подпісы. Няшмат было тых, хто не разумеў абсурду падатку на “дармаеда”.  Жыхары Бярозы ўпэўненыя, што дэкрэт №3 трэба адмяніць. Ён тычыцца кожнага, як кажуць бярозаўчане:

– Дурдом прыдумалі нейкі…

– А якія ў нас скарачэнні зараз… Якая гаворка можа ісці пра тое, каб людзі працавалі?..

– Людзей ставяць у такія безвыходныя ўмовы, а пасля яшчэ вылічваюць.

– Кожны дзень не ведаеш, працуеш ты ці не.

Аляксандр Кабанаў са зборам подпісаў наведае таксама Пружаны, Івацэвічы, Белаазёрск. За 4 няпоўныя дні ў Бярозе сабрана ля 800 подпісаў.

Беларускае Радыё Рацыя, Бяроза