У Бярозе збіраюць подпісы за чысты вадаём



Актывістка арганізацыі “За свой горад” Таццяна Тарасевіч пачала збор подпісаў за прывядзенне да санітарных нормаў адзінага прыгоднага для купання месца: вадаём у Паўночным гарадку Бярозы.

Вадаём патрэбна прывесці да санітарных нормаў: пачысціць ад ціны і глею, заглыбіць для купання дарослых, спарадкаваць і прыбярэжжа. Свой зварот Тарасевіч плануе накіраваць у раённы Савет дэпутатаў, які павінен сваім рашэннем перанакіраваць для выканання Бярозаўскаму раённаму выканаўчаму камітэту, кажа Таццяна Тарасевіч:

– Лета стала спякотным, нават душным. Чалавек папросту задыхаецца, пасля працоўнага дня яму хочацца дзесьці пакупацца. Раней вадаём адпавядаў санітарным нормам і патрабаванням. Вада была адносна чыстая. Але з часам ён пачаў зарастаць чаротам, таму цяпер гэтае месца папросту непрыемнае для купання.

 

Паводле актывісткі, мясцовая ўлада ўвесь час падчас выступаў заяўляе, што працуе дзеля дабрабыту і годнага жыцця грамадзян Бярозаўскага раёна. Ім прадстаўляецца магчымасць даказаць гэта на факце, а не толькі на словах.

Беларускае Радыё Рацыя, Бяроза