У Бярозе зноў аспрэчаць адмову ў пікеце ў судовым парадку
Бярозаўскія праваабаронцы ў чарговы раз будуць судзіцца з мясцовым райвыканкамам. Яны аспрэчваюць адмову ў пікеце на 10 снежня ў судовым парадку. Праваабаронцы лічаць, што бярозаўскія чыноўнікі іх падманулі, кажа адзін з заяўнікаў пікету Сяржук Русецкі:
– Узялі на ўзбраенне новы метад. У той час калі мы плануем нешта правесці, на стадыёне нібыта запланаваныя спартовыя мерапрыемствы з удзелам гледачоў, і таму спасылаюцца на 9-ы артыкул закона па правядзенні масавых мерапрыемстваў у Рэспубліцы Беларусь, у якім сказана, што адначасовае правядзенне некалькіх масавых мерапрыемстваў у адным месцы не дазваляецца. На самой справе ў гэты час ніякіх спартовых мерапрыемстваў не было, і як сказалі ў спорткомплексе, і не планавалася.
Паводле Русецкага, пусты стадыён з 12-й да 13-й гадзіны 10 снежня зафіксаваны адной з заяўніц пікету Таццянай Тарасевіч. Праваабаронцы пікетам хацелі адзначыць Міжнародны дзень правоў чалавека і падчас мерапрыемства раздаць людзям Усеагульную Дэкларацыю правоў чалавека.
Беларускае Радыё Рацыя