У Чачэрскім раёне знайшлі жанчыну-грыбніка, якая суткі правяла ў лесе
У 10 гадзін у РАУС звярнуўся мясцовы жыхар. Ён паведаміў, што рана раніцай разам з сужыцелькай і сабакам пайшоў у лес па грыбы каля вёскі Балсуны. Там грыбнікі разышліся. Спачатку яны бачылі адзін аднаго, але потым жанчына і сабакам зніклі з вачэй. Спробы дакрычацца не дапамаглі. Сітуацыя ўскладнялася тым, што зніклая не ведала гэты лес, а яе тэлефон застаўся дома.
Пошукі 49-гадовай жанчыны працягваліся да трох гадзін ночы. На досвітку 3 лістапада новая група адправілася прачэсваць лясны масіў. Дапамогу міліцыянерам аказвалі работнікі МНС і ляснічыя.
Апоўдні міліцыянеры рухаліся на машыне па дарозе, якая вядзе да адселенай вёскі Палам, што ў васьмі кіламетрах ад месца пачатку пошукаў. Сярод дрэў заўважылі постаць чалавека. Аказалася, што гэта зніклая без вестак. Побач з ёй быў сабака.
Высветлілася, што ўсю ноч жанчына і жывёла правялі пад елкай, а як развіднела, пайшлі шукаць выхад з лесу. Як паведамляе УУС Гомельскага аблвыканкама, скаргаў на здароўе ад знойдзенай не паступіла, па медыцынскую дапамогу яна не звярталася.