Вясковыя жыхары скардзяцца на няўвагу ўладаў
Пачыналі жыццё з цяжкай працы і паўгалоднага існавання і цяпер не соладка, кажа 78-гадовая жыхарка вёскі Кабакі Бярозаўскага раёна Любоў Кабачук. Пра вясковых пенсіянераў узгадваюць толькі ў час выбараў.
У эканамічны крызіс ратуюць толькі дзеці, кажа пенсіянерка:
— Я столькі працавала а атрымала зусім малую пенсію. Роўна два мільёны цяпер, а раней не было і двух. Цяжка. Добра, што дзеці мне дапамагаюць: купяць нешта, прывязуць, даношваю усё па дзецях, сама сабе нічога не купляю. Пойдзеш у краму. Аддасі пяцьдзясят тысяч — а нічога няма. Я вось купіла ў краме толькі кальцо лівернай каўбасы: і кату дам і сама есці буду, але крыўдна.
Любоў Кабачук нарадзілася ў Любанскім раёне Менскай вобласці. Працавала ў калгасе з малых гадоў. З-за голаду ў 58-м годзе паехала ў Казахстан. Праз 5 гадоў вярнулася на радзіму мужа ў Кабакі. Гаворыць, што больш не верыць Аляксандру Лукашэнку, які па телебачанні ўвесь час абяцае лепшае жыццё.
Беларускае Радыё Рацыя