У чаканні справядлівасці



Сем гадоў пазбаўлення волі з канфіскацыяй маёмасці і чатыры гады строгага рэжыму прызначыў суд Лепельскага раёна двум абвінавачаным з Полаччыны ў крадзяжы, учыненым у буйным памеры. Па справе праходзіла 19 пацярпелых, у асноўным фермеры і пенсіянеры з Ушацкага, Глыбоцкага, Мёрскага і іншых раёнаў.

Больш за 280 мільёнаў беларускіх рублёў агульнай шкоды нанеслі абвінавачаныя пацярпелым. Яны цягам доўгага часу ўзломвалі дамы і іншыя гаспадарчыя пабудовы грамадзян і выкрадалі іхную маёмасць.

Кажуць пацярпелыя:

Узламалі мой дом і гараж, збілі замкі ў хлеў і падвал, разбілі акно і залезлі ў памяшканне. Скралі ўвесь дарагі электра- і бензаінструмент, металічны посуд і алюміневыя ёмістасці.

– Мне 66 гадоў. І мяне зрабілі не пацярпелым, хоць у мяне скралі рэчы, а сведкам. Усё перавярнулі.

– Якія мы грамадзяне Беларусі, калі не можам даказаць відавочнае. Я выйшаў на пенсію, а мяне абрабавалі на 7 тысяч даляраў, або 104 мільёны беларускіх рублёў. І дзе мне цяпер што ўзяць? Пенсія 2 мільёны 200 тысяч… Як усё аднавіць?

Суд доўжыўся сем месяцаў, справа складалася больш чым з дваццаці тамоў. Прысуд абвінавачаным не ўступіў у сілу і можа быць абскарджаны.

Таццяна Смоткіна, Беларускае Радыё Рацыя