У Чарнігаве прайшоў Устаноўчы з’езд беларускіх вайскоўцаў
Колькі беларусаў ваюе ў Антытэрарыцстычнай аперацыі на ўкраінскім баку, невядома і дагэтуль. Называюцца лічбы ад некалькіх соцень да тысячы і болей, але ж дакладнай статыстыкі пакуль не існуе нават ва ўкраінскім Міністэрстве абароны.
Апошнія два гады нашыя землякі, якія ваююць за Украіну, былі раз’яднаныя, і толькі цяпер вырашылі правесці Устаноўчы з’езд беларускіх вайскоўцаў. З’езд гэты прайшоў у Чарнігаве, сумежным з Беларуссю.
На з’ездзе прысутнічаў і наш украінскі карэспандэнт Марцін Война, які і выслухаў выступоўцаў.
Сяргей Багукалец, этнічны беларус з Чарнігава, удзельнік абароны Луганскага аэрапорта ў складзе Першага Танкавага корпуса:
– Нашая задача на перспектыву – стварэнне вайсковай часткі, укамплектаванай беларусамі. Так атрымалася, што за два гады мы не здолелі стварыць такое фармаванне. Пакуль усе беларусы раскіданыя па розных частках і не маюць свайго каардынацыйнага цэнтру. Учора мы, нарэшце, вырашылі гэтую праблему. Сабраліся прадстаўнікі розных добраахвотных частак: “Азоў”, “АУН”, ДУК “Правы сектар”, а таксама некаторых вайсковых частак. На агульным сходзе мы і вырашылі такую вайсковую раду стварыць. Мы прынялі Статут, у якім зафіксавана, хто ў тую Раду будзе ўваходзіць, а таксама ўсе астатнія пытанні. У найбліжэйшы час інфармацыя з’явіцца ў Сеціве, хутчэй за ўсё – на старонцы Тактычнай Групы “Беларусь”.
Таксама акцэнтую ўвагу на вельмі важным моманце. Нашая арганізацыя робіцца не “пад пэўную асобу” і не як нейкі палітычны праект, пра што мы зрабілі ў Статуце асобны допіс. Узначальваць Раду беларускіх вайскоўцаў будуць пяць чалавек, і ніводны з іх аднаасобна не зможа нас прадстаўляць.
Мы разлічваем на падтрымку ўкраінскай улады, украінскай Царквы, а таксама валанцёрскіх рухаў.
Ян Мельнікаў, беларускі добраахвотнік, Украінская Добраахвотная Армія:
– Беларусы ёсць паўсюдна: і ў рэгулярных частках Узброеных сіл Украіны, і ў Нацыянальнай гвардзіі, і ў шматлікіх добраахвотных фармаваннях. Тыя ж беларускія добраахвотнікі ваявалі і ваююць практычна па ўсёй тэрыторыі, дзе праводзіцца Антытэрарыстычная аперацыя. Нашыя хлопцы абаранялі Данецкі аэрапорт, а таксама Пескі, Шырокіна і Аўдзееўку. Як, зрэшты і людзі іншых нацыянальнасцяў, не толькі ўкраінцы: тыя ж чачэны і грузіны.
Але з прычын крымінальных спраў, якія заведзеныя на добраахвотнікаў, нашыя хлопцы не надта ахвочыя да кантактаў з землякамі, і на перспектывы аб’яднання глядзяць з недаверам.
Хаця мэта ў нас ва ўсіх агульная: вольная Украіна і вольная Беларусь. Мы ўсе выдатна разумеем: тое, што цяпер адбываецца на Ўсходзе Украіны – гэта не проста расейска-украінскі канфлікт. Цяпер ідзе пагроза ўсяму цывілізаванаму свету, усёй Еўропе. Таму мы і павінны змагацца разам.
Добраахвотнік з пазыўным “Зубр”:
– Вядома ж, мы плануем набыць афіцыйны статус. Зарэгістравацца, магчыма, у некалькіх краінах, не толькі тут. І калі нашая Вайсковая Рада набярэ моц і атрымае падтрымку вялікага кола людзей – магчыма, будзем вырашаць пытанне нашага вяртання ў Беларусь.
Нашых землякоў, якія змагаюцца ў Антытэрарыстычнай аперацыі, традыцыйна падтрымліваюць дэмакратычныя сілы і ў самой Беларусі, і ў замежжы. Сярод тых, хто прывітаў з’езд беларускіх добраахвотнікаў-вайскоўцаў, быў і Зянон Пазьняк.
Марцін Война, Беларускае Радыё Рацыя