У Чарнігаве прэзентавалі Беларускі архіў вуснай гісторыі
Гісторыя – гэта не толькі пастановы Цэнтральнага камітэта кампартыі і газетныя старонкі, але і жывыя ўспаміны людзей. Так мяркуюць арганізатары праекта Беларускі архіў вуснай гісторыі, прэзентаванага ў Чарнігаве.
З падрабязнасцямі – наш украінскі карэспандэнт Марцін Война:
– Паводле прафесара Інстытута славістыкі Польскай Акадэміі навук Алеся Смалянчука, які выступіў на прэзентацыі, папяровыя дакументы не могуць прэтэндаваць на абсалютную аб’ектыўтасць. Навукоўцы павінны вывучаць і ўспаміны відавочцаў гістарычных падзеяў. Менавіта гэтым і займаецца Беларускі архіў вуснай гісторыі, фонды якога складаюць каля 900 інтэрв’ю і каля 3000 дакументаў.
Кандыдат гістарычных навук Андрэй Кіштымаў расказаў пра складанасці такіх даследаванняў у сучаснай Беларусі, дзе гісторыкі афіцыйна падзеленыя на “чэсных” і “нячэсных”.
Гэта першая прэзентацыя Беларускага архіва вуснай гісторыі ва Украіне. У Чарнігаве арганізатары праекта абвесцілі конкурс успамінаў на тэму “Чарнобыльская катастрофа і яе наступствы”, да якога запрасілі і ўкраінцаў. Пераможцу чакае ноутбук.
Беларускае Радыё Рацыя, Украіна
Фота eurobelarus.info