У Чарнігаве ствараюць першую ва Украіне беларускую бібліятэку



Чарнігаў быў і застаецца ці не найбольш “беларускім” горадам ва Украіне. У Чарнігаве жылі і працавалі нашы славутыя землякі: Піліп Орлік і Францішак Багушэвіч. Чарнігаў вось ужо шмат гадоў вабіць таннымі рынкамі і гуртовымі базамі тых гамельчукоў, якія прыязджаюць сюды “на закупы”. А на вуліцах горада раз-пораз можна пачуць не толькі беларуска-украінскую “трасянку”, але і амаль чыстую беларускую мову, якой па-ранейшаму размаўляюць у вёсках Рэпкінскага, Шчорсаўскага, Менскага і Гараднянскага раёнаў.

А таму не дзіўна, што першая беларуская бібліятэка ва Украіне арганізуецца менавіта ў Чарнігаве, пры царкве св. Кацярыны Украінскай праваслаўнай царквы Кіеўскага патрыярхату. Ініцыятарам гэтай карыснай справы стаў тамтэйшы святар а. Яўген Орда, нашчадак славутага беларускага роду Ордаў, які даў нашай Бацькаўшчыне кампазітара, музыку, літаратара і мастака Напалеона Матэвуша Тадэвуша Орду.

Якія кніжкі будуць у той бібліятэцы – царкоўныя ці свецкія? На якую мэтавую аўдыторыю тая бібліятэка разлічваецца? Ці ёсць патрэба стварыць у Чарнігаве беларускія школы? Якія беларускія святыя звязаныя з Сівершчынай?

Наш украінскі карэспандэнт Марцін Война пагутарыў з а. Яўгенам (Ордам).

 2016-03-10_achromienka_belaruskaja_biblijateka_czarnihau

а. Яўген Орда: У нашай царкве вельмі шмат вернікаў-беларусаў. Яны ведаюць, што ёсць беларусамі, але царквы беларускай тут пакуль няма. І таму гэтыя вернікі ходзяць да нас, ва Украінскую царкву Кіеўскага патрыярхату. Мовы ў нас вельмі падобныя, да таго ж, мы сапраўды братэрскія народы.

РР: Але ж у Чарнігаве ёсць і парафіі праваслаўнай царквы Маскоўскага патрыярхату. Ці ходзяць туды тутэйшыя беларусы?

Ходзяць, так. Але тыя тутэйшыя, якія не ведаюць, што яны беларусы. Гэта праблема – калі Расея і праз царкву, і праз іншыя інстытуты робіць беларусаў, украінцаў і тых жа расейцаў жахлівых “савецкіх людзей”, у імперскае смецце. Таму і патрэбныя менавіта нацыянальныя цэрквы. Тое, што мы зрабілі для Чарнігава, то бок украінскую царкву, гэта можа стаць карысным і для Беларусі. Бо потым адсюль будзе крок да Беларусі, каб зрабіць нацыянальную царкву і там.  

РР: І вось вы вырашылі арганізаваць пры царкве св. Кацярыны беларускую бібліятэку. Там будуць кніжкі толькі царкоўныя, ці і свецкія таксама?

Мы хацелі, каб болей кніжак было царкоўных, але іх не так багата. Таму вырашылі, што ў бібліятэцы будуць і проза, і паэзія, і дакументалістыка беларускіх аўтараў. Хай дзеткі нашых вернікаў навучаюцца роднаму слову і цягнуцца душою да Беларусі. Нам патрэбныя ўсе кніжкі. Тыя ж гістарычныя таксама… Ведаеце, у ўкраінцаў ёсць такая казка пра чароўную настойку з зёлак, якая вяртае сілы ў свой народ. Можа, такой чароўнай настойкай стане нашая бібліятэка? Так што хай тутэйшыя беларусы чытаюць кніжкі, хай згадваюць, кім яны ёсць. У Чарнігаве толькі паводле афіцыйнага перапісу каля 12 000 беларусаў. Але насамрэч іх значна болей. У часы савецкай русіфікацыі тут нішчылі і ўкраінскую, і беларускую думку, і беларусаў тутэйшых зусім змяшалі з брудам. Вось і трэба нешта рабіць, каб тутэйшыя беларусы пазбавіліся з таго смецця… Таксама вельмі спадзяюся, што нашая  бібліятэка стане першым крокам да стварэння беларускай школы ў Чарнігаве. Бо багата тут беларусаў, і яны маюць права мець сваю школу.

РР: Мала хто ведае, што на Сівершчыне жыў беларускі святар БАПЦ, біскуп Гермаген. За часамі Сталіна яго кідалі ў турму і катавалі. Пахаваны ён дзесьці ў Чарнігаве, але дакладнае месца пагэтуль невядома. Ці згадваюць яго тутэйшыя беларусы?

Вядома ж, ведаем! Украінская праваслаўная царква Кіеўскага патрыярхату хоча гэтага годнага святара кананізаваць. Гэта, між іншым, жаданне і беларусаў, і ўкраінцаў, і жаданне гэтае супадае. Гэты чалавек, між іншым, шмат добрага зрабіў і для Чарнігава. Ён спярша жыў у Беларусі, а потым яго сюды прывезлі ў ссылку. Увогуле, у яго біяграфіі пагэтуль вельмі багата плямаў. Пра яго кажуць, што ён быў біскупам – я сам такое чуў ад тутэйшых старых. Магчыма, за сталінскім часам яго таемна біскупам і зрабілі, але ніякіх дакументаў на гэты конт не засталося. Але ж мы ведаем, што ён быў беларусам і патрыётам і быў звязаны з беларускім антысавецкім падполлем і беларускімі партызанамі-нацыяналістамі. Усё гэта, безумоўна, праўда. Вядомае толькі мяркуемае месца ягонага пахавання. Таксама ведаю, што туды і цяпер ходзяць няплодныя жанчыны, якія моляцца таму Гермагену, каб нарадзіць. Карыстаючыся нагодай, звяртаюся да нашай дыяспары:  калі хто мае якія дакладныя звесткі пра Гермагена – дайце, калі ласка, нам! Бо яго тут вельмі і вельмі шануюць – і ўкраінцы, і беларусы.

Колькі жыве беларусаў на Сівершчыне, дакладна невядома. Розныя крыніцы называюць лічбу ад 20 да 50 тысяч. Але ж беларуская нацыянальная меншасць тут ці не самая сацыяльна актыўная ва ўсёй Украіне.

Марцін Война, Беларускае Радыё Рацыя

Фота: архіў а. Яўгена Орды