У чарнобыльскай зоне загінуў „сталкер” з Беларусі



У чарнобыльскай зоне на ваенным аб’екце загінуў „сталкер” з Беларусі, паведамляе галоўнае ўпраўленне Нацыянальнай паліцыі Украіны ў Кіеўскай вобласці.

Cтала вядомае імя загіблага, ім аказаўся 33-гадовы жыхар Жодзіна Дзмітрый Шкіндзер. 

„Двое беларусаў і расейка незаконна праніклі на тэрыторыю адсялення закрытага ваеннага аб’екта „Чарнобыль-2″. Маладыя людзі, як і большасць нелегальных турыстаў-экстрэмалаў, хацелі атрымаць яркія ўражанні і фота. 33-гадовы сталкер выбраў для гэтага радыёлакацыйную вежу, якая знаходзіцца за некалькі кіламетраў ад станцыі. Але не разлічыў свае сілы і сарваўся з 15-метровай вышыні”, — удакладняецца ў паведамленні.

Медыкі, якія прыбылі на месца, канстатавалі смерць мужчыны.

Паліцыя распачала вытворчасць на падставе ч. 1 арт. 115 Крымінальнага кодэкса Украіны (наўмыснае забойства) з адзнакай аб няшчасным выпадку. „У дачыненні да таварышаў загінулага праваахоўнікі склалі пратакол аб адміністрацыйным правапарушэнні паводле арт. 46-1 Кодэкса Украіны аб адміністрацыйных правапарушэннях. За парушэнне патрабаванняў рэжыму радыяцыйнай бяспекі ім давядзецца заплаціць штраф. Падрыхтаваныя адпаведныя дакументы для скарачэння тэрміну іх знаходжання ва Украіне”, — паведамілі ва ўпраўленні.

У сувязі са здарэннем украінская паліцыя папярэджвае „экстрэмальных турыстаў аб няўхільнай адказнасці перад законам і небяспецы для жыцця, якую тоіць у сабе чарнобыльская зона”.

belapan.com