У Чашніках затрымалі пастара. Перад гэтым затрымалі пастара ў Расонах
6 лістапада затрыманы пастар царквы Хрысціянаў веры эвангельскай з Чашнікаў Аляксандр Плотнікаў.
Яго забралі ў РАУС, паведаміў тэлеграм-канал «Хрысціянская візія». Паводле якога артыкулу яго абвінавачваюць — пакуль невядома.
***
3 лістапада ў Расонах быў затрыманы і асуджаны пастар Аляксандр Цырыкаў і ягоная жонка, паведаміла vitebskspring.org.
У той самы дзень сужонцаў асудзілі – Аляксандра Цырыкава паводле арт. 24.23 КаАП (несанкцыянаванае пікетаванне), яго жонку Ніну – паводле ч. 2 арт. 19.11 КаАП (распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў).
Аляксандра Цырыкава судзіла суддзя Расонскага райсуду Алена Елавая, Ніну Цырыкаву – суддзя Рада Дамініч.
Пастар царквы ХВЕ «Благодать» – індывідуальны прадпрымальнік. Менавіта ў гэтай якасці яго згадвала на сваіх старонках раённая газета «Голас Расоншчыны», калі пісала пра яго як мецэната і ўдзельніка рознага кшталту дабрачынных мерапрыемстваў. Яго жонка працуе гандляркай у краме. У пары трое дарослых дзяцей, летась Аляксандр і Ніна Цырыкавы адзначылі срэбнае вяселле.