У чэрвені карты Лапіных ужо з’явяцца ў продажы
Унікальныя ігральныя карты фабрыкі Лапіных з Гародні з’явяцца ў продажы напрыканцы гэтага месяца. Над перавыданнем картаў, што ў першай палове ХХ стагоддзя выпускаліся на гарадзенскай фабрыцы ігральных картаў Лапіных, некалькі месяцаў працавала кампанія “А4” на чале з Антонам Янкоўскім.
Як ідзе праца над картамі, распавядае Антон Янкоўскі:
– Пераходзім на фінальную стадыю. Мы ўжо вырашылі ўсё з паперай, колерам, як будуць выглядаць карты, калоды па якасці. На днях чакаем гатовы апошні экзэмпляр з друкарні, які зацвердзім, а пасля гэтага аддадзім у друк. І зараз паралельна займаемся дамовай і вызначэннем даты прэзентацыі гульні. Першай і галоўнай стане прэзентацыя ў Гародні. Таксама, я думаю, у хуткім часе мы зможам паказаць выгляд калоды, скуранога чахла, паведамім дату, калі гэтыя карты можна будзе пабачыць, пагуляць у іх і ўласна набыць.
Карты ўнікальныя выявамі Казіміра Вялікага, Стэфана Баторыя, Жыгімонта Аўгуста, Яна Сабескага, якія прысутнічаюць ў калодзе ў выглядзе каралёў. Асабліваць гэтых картаў у тым, што ім няма аналагаў на тэрыторыі сучаснай Беларусі. Падтрымаць выхад гэтых гістарычных картаў магчыма на платформе Talaka.by.
Беларускае Радыё Рацыя, Гародня