У дачыненні да Алеся Асіпцова складзены пратакол за незаконны выраб прадукцыі СМІ



 У дачыненні да пазаштатнага карэспандэнта БелаПАН у Магілёве Алеся Асіпцова складзены пратакол за парушэнне закона аб СМІ.

13 ліпеня журналіста выклікалі ў РАУС, дзе паведамілі, што яму ставіцца ў віну парушэнне згодна з ч. 3 арт 23.5 КоАП. „Мне інкрымінуюць тое, што я, не маючы акрэдытацыі Міністэрства замежных спраў, вырабіў матэрыял для мультымедыйнага партала „Радыё Свабода”, — сказаў Асіпцоў БелаПАН. — Матэрыял быў пра прысуд групе Паўла Севярынца, абвешчаным у Магілёўскім абласным судзе 25 траўня. Я растлумачыў, што не рыхтаваў матэрыял для „Радыё Свабода”, а з’яўляюся журналістам інфармацыйнай кампаніі БелаПАН і мая публікацыя была размешчаная на сайце кампаніі і на партале Naviny.by”.

На Асіпцова склалі пратакол, пасля чаго журналіста павезлі дамоў. „Па дарозе заехалі ў офіс партала 6TV.by. Напэўна, было па дарозе, там як раз праводзіліся нейкія следчыя дзеянні — канфіскавалі ўсю тэхніку. Дома ў мяне правялі агляд, забралі тэлефон, камп’ютар, фотакамеру і дыктафон, рэчы, з якімі я працаваў 25 траўня ля абласнога суда”, — адзначыў ён.

Паводле слоў журналіста, 14 ліпеня яго запрасілі ў 11-е ўпраўленне ГУБАЗіК для „непрацяглай гутаркі”.

„На падставе адміністрацыйнага артыкула 23.5 мне пагражае да 30 базавых велічынь з канфіскацыяй тэхнікі ці без канфіскацыі, хоць у мяне ўсё ўжо забралі”, — дадаў Асіпцоў.

belapan.by