У дачыненні да берасцейскіх журналістаў складзена адразу пяць пратаколаў
У дачыненні да берасцейскіх журналістаў Алеся Леўчука і Міланы Харытонавай у міліцыі 23 красавіка было складзена адразу пяць пратаколаў — па два на кожнага па ч. 2 арт. 22.9 КоАП (праца на замежны СМІ без акрэдытацыі), а ў дачыненні да Леўчука яшчэ і па арт. 23.4 КоАП (непадпарадкаванне законнаму распараджэнню ці патрабаванню службовай асобы).
Як лічыць Ляўчук, пратакол у дачыненні да яго за непадпарадкаванне — гэта „помста міліцыі за скаргі”, якія ён напісаў у Следчы камітэт і пракуратуру на затрыманне журналіста і прымяненне да яго фізічнай сілы 3 сакавіка. У той дзень Ляўчук разам з Харытонавай збіраўся асвятляць акцыю супраць будаўніцтва акумулятарнага завода, але быў затрыманы пры выхадзе з дому.
„Не сумняваюся, што гэта помста міліцыі. Участковы міліцыянер нават сказаў мне: а навошта ж вы скаргі пісалі? Я лічу, што 3 сакавіка мяне затрымалі незаконна, супрацоўнікі міліцыі не мелі ніякіх падстаў прымяняць да мяне фізічную сілу. Таму і звярнуўся ў Следчы камітэт і пракуратуру. Але пракуратура замест таго, каб разабрацца і правесці праверку ў супрацоўнікаў Маскоўскага РАУС, маю скаргу ім жа і перанакіроўвае. І вось праз амаль два месяцы ў міліцыі з’яўляюцца да мяне прэтэнзіі. Але я не парушаў закон і не лічу сябе вінаватым”, — заявіў Ляўчук БелаПАН. Судзіць яго будуць 30 красавіка.
Леўчука і Харытонаву рэгулярна штрафуюць за размяшчэнне матэрыялаў на сайце польскага тэлеканала „Белсат” пра пратэсты супраць будаўніцтва акумулятарнага завода пад Берасцем. Усяго іх абодвух у 2018 годзе судзілі шэсць разоў, і чатыры разы — у гэтым годзе. Агульны штраф склаў больш за 10 тыс. долараў ЗША ў эквіваленце.
belapan.by