У дачыненні да блогера Антона Матолькі пачатая крымінальная справа



Следчы камітэт распачаў справу па некалькіх артыкулах Крымінальнага кодэкса ў дачыненні да беларускага блогера і грамадскага актывіста Антона Матолькі, які знаходзіцца за мяжой, паведамляецца на сайце СК.

 

У прыватнасці, распачатая справа па ч. 3 арт. 130 КК „у сувязі са здзяйсненнем наўмысных дзеянняў, накіраваных на ўзбуджэнне сацыяльнай варожасці па прыкмеце прафесійнай прыналежнасці ў дачыненні да прадстаўнікоў улады і праваахоўнікаў, з ліпеня 2020 года з дапамогай створанага і кіраванага ім тэлеграм-канала”.

„На гэты момант ужо атрыманы доказы, якія сведчаць аб здзяйсненні А.Матолькам дзеянняў, накіраваных на дэстабілізацыю сацыяльна-палітычнага, эканамічнага і інфармацыйнага становішча ў краіне, прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь. Названыя дзеянні здзяйсняліся таксама з выкарыстаннем кіраванага ім тэлеграм-канала. У сувязі з гэтым распачатая крымінальная справа па ч. 3 арт. 361 КК Рэспублікі Беларусь”, — гаворыцца ў паведамленні.

У СК сцвярджаюць, што Матолька, „дзейнічаючы па папярэдняй змове з неўстаноўленымі асобамі, знаходзячыся за межамі Рэспублікі Беларусь, з мэтай ажыццяўлення супрацьпраўнай дзейнасці <…> аб’яднаў экстрэмісцкія групы (так званыя „дваровыя чаты”), стварыў экстрэмісцкае фарміраванне і кіруе ім”. Сваімі дзеяннямі, лічаць следчыя, ён здзейсніў злачынства, прадугледжанае ч. 1 арт. 361-1 КК (стварэнне экстрэмісцкага фарміравання).

Таксама паведамляецца, што следчымі ва ўзаемадзеянні з ГУБАЗіК МУС, „атрыманыя доказы аб датычнасці блогера А.Матолькі да ўчынення шэрагу злачынстваў, у тым ліку прадугледжаных арт. 293 (масавыя беспарадкі) і арт. 342 (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак)” КК.

У найбліжэйшы час упраўленне Следчага камітэта па Менску мае намер вынесці пастанову аб прыцягненні Матолькі „ў якасці абвінавачванага па ўсіх вышэйназваных злачынствах, пасля чаго ён будзе абвешчаны ў міждзяржаўны вышук”. „Акрамя гэтага, следствам праводзіцца праца па прызнанні названага інтэрнэт-рэсурсу на тэрыторыі нашай краіны экстрэмісцкім”, — гаворыцца ў паведамленні СК.

У Следчым камітэце таксама звярнулі ўвагу на тое, што „ў апошнія некалькі месяцаў вялікую папулярнасць сярод насельніцтва атрымалі так званыя „дваровыя чаты”. Сцвярджаецца, што следствам выяўленыя неаднаразовыя факты, калі яны „перарастаюць у экстрэмісцкія фарміраванні, асноўнай скіраванасцю якіх з’яўляюцца радыкальныя дзеянні”. „Звяртаем увагу грамадзян, што ў наступным іх адміністратары будуць несці адказнасць па арт. 361-1 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь”, — папярэдзілі ў СК.

belapan.by