Крымінальная справа на дырэктарку гарадзенскага хоспіса Вольгу Вялічку



Дэпартамент фінансавых расследаванняў Камітэта дзяржаўнага кантролю па Гарадзенскай вобласці распачаў справу па ч. 3 арт. 210 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь (крадзеж шляхам злоўжывання службовымі паўнамоцтвамі) у дачыненні да дырэктара Гарадзенскага дзіцячага хоспіса імя Святога Губерта Вольгі Вялічкі. Пра гэта БелаПАН паведаміла афіцыйны прадстаўнік упраўлення Следчага камітэта па Гарадзенскай вобласці Марыя Трушынская.

Паводле яе слоў, справа перададзеная ва УСК па Гарадзенскай вобласці і прынятая следчым следчага ўпраўлення да справаводства. Высвятляюцца ўсе абставіны, якія маюць значэнне для прыняцця законнага рашэння па крымінальнай справе, адзначыла Трушынская. Яна падкрэсліла, што канчатковая прававая ацэнка дзеянням Вялічкі будзе дадзеная па выніках расследавання.

Варта адзначыць, што максімальнае пакаранне паводле ч. 3 арт. 210 КК вызначае да дзесяці гадоў пазбаўлення волі.

Цяпер Вольга Вялічка з сям’ёй знаходзіцца за мяжой. Яна паведаміла БелаПАН, што ў сакавіку 2020 года АУС Кастрычніцкага раёна Гародні ўжо праводзіў у дачыненні да яе праверку на падставе ананімнага звароту. Па выніках праверкі, гаворыцца ў пастанове АБЭЗ АУС ад 3 сакавіка 2020 года, у распачынанні крымінальнай справы ў дачыненні да Вялічкі па ч. 1 арт. 210 адмовілі.

Вольга Вялічка сцвярджае, што ёй або яе адвакату не паведамілі аб распачынанні крымінальнай справы па іншай частцы таго ж артыкула КК. Яна даведалася пра існаванне справы і сутнасць прэтэнзій КДК 12 снежня з сюжэта тэлеканала ОНТ, з якімі не згодная. Вялічка сцвярджае, што яе адвакат звярталася ў дэпартамент фінансавых расследаванняў па Гарадзенскай вобласці з заявай з просьбай азнаёміцца з матэрыяламі праверкі, ёй такой магчымасці не далі.

Вялічка таксама паведаміла БелаПАН, што 1 снежня ў хоспіс прыходзілі супрацоўнікі ДФР і забралі апарат ШВЛ, які знаходзіўся там, не патлумачыўшы, на якой падставе. Паколькі Вялічка не атрымала ніякіх тлумачальных дакументаў на гэты конт, яна напісала электронную заяву ў міліцыю і пракуратуру Гародні аб тым, што ў хоспіс прыйшлі невядомыя людзі і забралі набыты на сродкі дабрачынцаў апарат ШВЛ.

Вялічка настойвае на тым, што хоспіс зведвае беспрэцэдэнтны націск у сувязі з яе грамадзянскай пазіцыяй, сутнасць якой у непрыманні гвалту і перакананасці ў неабходнасці вярнуць грамадскае жыццё ў Беларусі ў прававое рэчышча.

За апошнія паўгода гарадзенскі хоспіс пазбавіўся ўсіх сваіх памяшканняў, за выключэннем выдзеленага прыходам Серафіма Жыровіцкага, дзе адкрыў цэнтр паліятыўнай дапамогі.

У кастрычніку Вялічку затрымалі і аштрафавалі за ўдзел у акцыі пратэсту. Праз сем дзён пасля гэтага, 22 кастрычніка, у хоспіс прыйшлі з вобшукам з упраўлення дэпартамента фінансавых расследаванняў. Вялічка распавяла: „Праверка праводзілася таксама на падставе ананімнага звароту, у якім утрымлівалася сцвярджэнне, што хоспіс ухіляецца ад падаткаў у асабліва буйным памеры. Яны меркавалі, што ў нас разгорнутая камерцыйная дзейнасць па пашыве бел-чырвона-белых сцягоў, адзення, што мы прадаем гэта і не плацім падаткі”.

На момант вобшуку Вялічка ўжо была за межамі Беларусі, яна была вымушаная з’ехаць, таму што адчула пагрозу для сябе і сям’і. У прыватнасці, яна баялася, што ў яе адбяруць дзяцей. Аднак дырэктар працягвае працаваць дыстанцыйна.

„Мы грамадская арганізацыя, я яе абраны старшыня, і я працягваю сваю дзейнасць разам з калегамі, адданымі сваёй справе прафесіяналамі. Пад нашай апекай 57 дзяцей, якім мы аказваем паліятыўную дапамогу дома. На мой погляд, недапушчальна, каб хоспіс спыніў працу”, — сказала Вялічка.

belapan.by